28 гадоў як адзін дзень
«Прафесіяналізм, адвага, гонар!» - менавіта пад такім дэвізам праляцелі 28 гадоў службы Мышко Аляксандра Станіслававіча – дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Аляксандр Станіслававіч пачаў свой шлях ваеннаслужачага ў далёкім 1992 годзе ў Пагранічных войсках пад Брэстам. Пасля заканчэння службы, спрабаваў сябе ў грамадзянскіх прафесіях, але пачуццё тугі па пагонах не давала спакою, хацелася быць карысным грамадству, ісці туды, куды іншыя пабаяліся б, працягваць руку дапамогі, нават калі сам на мяжы. Менавіта таму выбар сваёй будучыні паў на прафесію выратавальніка. Хай абмундзіраванне на той час было бедным і далёкім да дасканаласці, аднак гэта ні на секунду не спыніла нашага галоўнага героя.
«Спачатку было цяжка, напэўна, як і ўсім на маім месцы,- падзяліўся ўспамінамі пенсіянер,- але з часам дзякуючы выразнаму ўсведамленню свайго прызначэння і надзейным плячам таварышаў удалося прывыкнуць да будняў выратавальнікаў і не даць слабіну.»
«З самых неардынарных выпадкаў запомніўся выезд, у в. Цешалова дзе дапамога была неабходна двум мясцовым «прадпрымальнікам», якія паспрабавалі абжыцца металамі з закансерваванай ракетнай шахты. Адпампоўваючы ваду з шахты мотапомпай, патэнцыйныя пацярпелыя атруціліся выхлапнымі газамі агрэгата, на жаль у наступным аднаго не ўдалося рэанімаваць. Тады я і зразумеў, што мы, сапраўды ўтаймавальнікі стыхій: на вадзе, у агні, пад заваламі і нават у асяроддзі непрыдатным для дыхання. Менавіта мы гатовыя рызыкнуць сваім жыццём для выратавання незнаёмага чалавека. Аказваем кваліфікаваную дапамогу, ратуем ад безразважнасці, ідзём у агонь не толькі таму што ведаем, а па абавязку службы.» - распавёў былы выратавальнік.
За ўзорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, у 2013 годзе Мышко Аляксандру Станіслававічу прысвоена чарговае спецыяльнае званне «старшы прапаршчык унутранай службы» на адну ступень вышэй спецыяльнага звання, прадугледжанага па займаемай пасадзе.
«Безумоўна, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яшчэ не паспеў адаптавацца, але ўжо паспеў засумаваць па калегах і той сяброўскай абстаноўцы.» - шчыруе наш пенсіянер.
У настаўленне маладому пакаленню Аляксандр Станіслававіч сказаў: «Служыце сумленна, выконвайце сваю працу добрасумленна. Шмат трэніруйцеся, каб быць высокакваліфікаванымі спецыялістамі і прыходзіць на дапамогу тым, хто мае патрэбу, без страху і сумненняў! І самае галоўнае – заўсёды вяртайцеся да тых, хто вас любіць і чакае.»
Па даўніх традыцыях пажарных, былі арганізаваны ўрачыстыя провады з ушанаваннямі на заслужаны адпачынак выратавальніку.