Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
27 марта 2020

Змястоўна і канструктыўна

Так прайшла ў мінулы чацвер у раённым выканаўчым камітэце пашыраная нарада па пытаннях кадравага забеспячэння аграпрамысловага комплексу Пастаўшчыны. Яна мела фармат круглага стала, які вёў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.

Мэтай мерапрыемства было скаардынаваць дзейнасць раённых структур кіравання, устаноў і арганізацый у вырашэнні кадравага пытання АПК. Для гэтага на яго запрасілі кіраўнікоў арганізацый аграпрамысловага комплексу і ўстаноў адукацыі раёна, прадстаўнікоў аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, прафсаюза работнікаў АПК, вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў рэспублікі сельскагаспадарчага профілю.

— Ні для кога не сакрэт, што ў сельскай гаспадарцы не хапае спецыялістаў, — гаварыў, адкрываючы нараду, Сяргей Чэпік. — Не выключэнне і Пастаўскі раён. Нават у моцных гаспадарках з добрай заработнай платай і ўмовамі працы ёсць праблемы са спецыялістамі літаральна ўсіх катэгорый. Таму нарадзілася ідэя арганізаваць гэту сустрэчу. Упэўнены, што яна будзе карыснай для ўсіх і знойдзе працяг у далейшым супрацоўніцтве.

Затым слова далі гасцям — прадстаўнікам Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, аграрных каледжаў у Оршы і Лужасне. Выступоўцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што гаспадаркам неабходна самім клапаціцца пра кадры, бо ў названыя навучальныя ўстановы паступае вельмі мала пастаўчан, а з мэтавымі накіраваннямі іх наогул адзінкі. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў параілі актыўней заключаць з выпускнікамі школ раёна дагаворы на мэтавую падрыхтоўку, устанаўліваць ім даплаты да стыпендыі, забі­раць сваіх хлопцаў і дзяўчат на вытворчую практыку, прыяз­джаць на размеркаванні ў ВНУ і ССНУ.

З такім меркаваннем цалкам пагадзіўся старшыня раённага выканаўчага камітэта. Ён адзначыў, што сёння на Пастаўшчыне амаль не вядзецца работа па заключэнні мэтавых накіраванняў. І гэта недапрацоўка не толькі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, але і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кадравай службы райвыканкама. Большую работу трэба праводзіць і ў школах.

— Зараз ідзе сапраўдная вайна за выпускнікоў, колькасць якіх на Пастаўшчыне скарачаецца, — канстатаваў начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Кашырын. — Калі 9-класнікаў мы арыентуем паступаць у Пастаўскі каледж, то што да 11-класнікаў, хто толькі ні прыязджае да нас на прафарыентацыі! У першую чаргу — Ваенная акадэмія, Інстытут пагранічнай службы, Акадэмія МУС, якія бываюць па некалькі разоў у год. На жаль, з боку сельскагаспадарчых ВНУ такой актыўнасці мы не бачым.

Часткова выправіць сітуацыю з кадрамі на сяле могуць створаныя па ўсёй рэспубліцы аграрныя класы. Ёсць яны і ў нашым раёне — у Варапаеўскай СШ. Пра асаблівасці навучання ў іх расказаў дырэктар школы Віктар Жук. Ён зазначыў, што прадстаўнікі ўсіх вядучых аграрных ВНУ краіны штогод бываюць у гарпасёлку, і не аднойчы. Таму школьнікі добра знаёмыя з усімі аграрнымі прафесіямі, умовамі паступлення і вучобы. Адзінае, што іх цікавіць, — дзе будуць працаваць пасля заканчэння ВНУ. Пакуль маючых намер звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай сярод будучых выпускнікоў агракласа няшмат — усяго двое з 14 чалавек. Каб іх было больш, на думку Віктара Мікалаевіча, трэба працаваць не толькі з вучнямі, але і з бацькамі. Бо ў многіх сем’ях менавіта бацькі вырашаюць, куды паступаць сыну або дачцэ.

— На жаль, у свядомасці лю­дзей укаранілася меркаванне, што сельская гаспадарка — гэта не тое месца, куды можна пайсці праца­ваць. Большасць з іх мала знаёмыя з тым, якія ўмовы працы цяпер у нас ствараюцца, якая маецца тэхніка. І тут неабходна ўсё расказваць і паказваць, — адзначыў старшыня ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч.

Таксама ён заўважыў, што вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы краіны не аднолькава добра рыхтуюць розных спецыялістаў. Калі да інжынераў-механікаў няма прэтэнзій, то ўзровень падрыхтоўкі энергетыкаў вельмі нізкі. Прысутныя дэканы факультэтаў і загадчыкі кафедраў узялі гэта сабе на заметку.

Пра колькасць маладых спецыялістаў, якія прыехалі ў наш раён на адпрацоўку і замацаваліся на сяле за апошнія 5 гадоў, расказаў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Генадзій Лютынскі.

— Неабходна разабрацца ў тым, чаму моладзь, адпрацаваўшы абавязковы тэрмін, пакідае гаспадаркі. Значыць, у гэтым наша віна: мы былі недастаткова ўважлівымі да іх, дрэнна падтрымлівалі. Хто будзе працаваць у вёсцы праз 5-10 гадоў? Без маладых кадраў у яе няма будучыні, — заключыў старшыня райвыканкама, падзякаваўшы ўсім прысутным за змястоўную, канструктыўную гутарку.

Алена Шапавалава, газета «Пастаўскі край». Фота аўтара.