Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
4 августа 2020

За прафесіяналізм і спагаду

У пятніцу медработнікі Пастаўшчыны змянілі белыя халаты на прыгожыя строі і сабраліся ў райвыканкаме, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды за асабісты ўклад у барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй.

Прадстаўнікоў Пастаўскай ЦРБ і санітарнай службы раёна вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён выказаў шчырыя словы падзякі медыкам за іх самаадданую працу падчас пандэміі каранавіруса, калі ім давялося змагацца за жыцці і здароўе людзей у аўральным рэжыме.

— Я выдатна ведаю, у якіх няпростых умовах вам прыйшлося лячыць невядомае да гэтага захворванне, — гаварыў Юрый Кісялёў. — Не было стандартных падыходаў, адпрацаваных алгарытмаў дзеянняў. І тут на першы план выйшлі ваш прафесіяналізм, адказнае стаўленне да справы, жаданне дапамагчы чалавеку. Размаўляючы з тымі, каго вы вярнулі да жыцця ў нашай бальніцы, зразумеў, што адным са складальнікаў рэцэпта выздараўлення былі вашы ўважлі­васць і спагаднасць да пацыентаў. Мне людзі так і казалі: «Медыцынскія работнікі мяне выняньчылі, усялілі надзею ў тое, што папраўлюся». На вышыні была і санітарная служба, якая адпрацоўвала ўсе ачагі інфекцыі.

Разам з тым Юрый Мікалаевіч адзначыў, што барацьба с COVID-19 не завершана. Пакуль мы гаворым толькі пра ліквідацыю ўспышкі захворвання і вяртанне да звычайнага рэжыму работы бальніцы. Але і гэта ўжо вялікая перамога. Такое меркаванне раздзяляе і галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Чакавы. Ён узгадаў, у якіх няпростых умовах давялося працаваць калектыву апошнія 4 месяцы, якія былі зроблены захады да эфектыўнага лячэння каранавіруснай інфекцыі.

— Я ганаруся ўсім калектывам і лічу, што заахвочаны павінен быць кожны, — сцвярджаў Уладзімір Чакавы. — Не магу не адзначыць зладжаную каардынацыйную работу на ўзроўні мясцовай улады, цеснае ўзаема­дзеянне з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, АДРАЦ «Ветразь», шпіталем. У няпростых умовах словам і справай нас падтрымалі неабыякавыя людзі, якія ахвяравалі бальніцы 52 тысячы рублёў. Гэта амаль максімальная сума па Віцебскай вобласці. Яны выкарыстаны на набыццё сродкаў індывідуальнай аховы медыкам і неабходнага абсталявання для лячэння віруса.

У пацвярджэнне слоў падзякі і ацэнкі напружанай працы ва ўмовах пандэміі шэраг медыцынскіх работнікаў адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню.

Вераніка Філановіч

Фота аўтара


Маставой справы майстры

Варапаеўская дыстанцыя пуці ўжо больш за 80 гадоў абслугоўвае чыгунку па трох кірунках: Полацк—Маладзечна (ад ст. Ветрына да ст. Параф’янава), Круляўшчызна—Лынтупы і Варапаева—Друя. За бяспеку руху цягнікоў адказвае ўчастак па абслугоўванні і рамонце штучных збудаванняў. На яго балансе 112 мастоў агульнай даўжынёй 2 083 метры і 275 водапрапускных труб працягласцю 3 511 метраў. Сёння ў калектыве ўчастка 11 чалавек.

Рабочы дзень маставікоў пачынаецца з планёркі і размеркавання абавязкаў. Затым — выезд брыгады непасрэдна на аб’ект. Яе задача — утрыманне ў належным стане штучных збудаванняў і прылеглай да іх тэрыторыі адпаведна сезону: вясной і летам гэта абкошванне расліннасці, афарбоўка парэнчаў і пралётных збудаванняў, зімой — ачышчэнне драўлянага маставога бруса ад снегу і наледзі. Важны складальнік работы рамонтнікаў — адвя­дзенне вады ад пуці і ўстаноўка ахоўных прыстасаванняў. Трываламу функцыянаванню мастоў і водапрапускных труб садзейнічае прымяненне сучасных матэрыялаў, абсталявання і тэхналогій.

— У гэтыя дні нарошчваем агаловак трубы і адкосныя крылы моста на 523-м кіламетры перагону Зябкі—Баравое, — расказваў брыгадзір Сяргей Брагін. — А на 7-м кіламетры ўчастка Варапаева—Шаркаўшчына на мосце каля Белек заліваем конусы маналітным бетонам. Працуюць маставікі на вышыні. Гэта патрабуе ад іх пільнасці, акуратнасці.

Сяргей Брагін — малады, але ўжо дастаткова дасведчаны ў маставой справе спецыяліст. Прыйшоў у дыстанцыю ў 2008 годзе рамонтнікам, а калі закончыў Аршанскі каледж чыгуначнага транспарту, яго назначылі брыгадзірам. У мінулым годзе рады рамонтнікаў папоўнілі Арцём Анкудовіч і Павел Міхалевіч.

Прыкладам для іншых з’яўляецца ветэран участка Паісій Кузьміч Сарокін, які з 1978-га па 2013 год працаваў маставым майстрам. Пад яго кіраўніцтвам абноўлена каля 30 збудаванняў. Паісій Кузьміч неаднаразова адзначаўся як найлепшы работнік дыстанцыі, атрымліваў падзякі і граматы. І сёння былы маставік шчыра дзеліцца багатым вопытам з маладымі.

Святлана Шафаровіч

Фота Таццяны Насевіч