Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
7 августа 2020

Пакарылася тысяча

Вадзіцель ААТ «Камайскі-агра» Мустаф Радкевіч першым не толькі ў раёне, але і ў вобласці перавёз тысячу тон збожжа

У мінулую суботу Мустаф Мустафавіч вечарам разгрузіў на зернесушыльным комплексе прывезеную апошнім рэйсам збажыну і падлічыў тоны — атрымалася тысяча. Не сказаць, што гэта лічба была яго мэтай. Перавозкай зерня займаецца з года ў год і кожнае жніво імкнецца ўносіць пасільны ўклад у давядзенне да парадку вырашчанага ўраджаю. Прозвішча хлебароба пастаянна значыцца сярод перадавікоў раёна. Сёлета яму першаму пакарыўся тысячны рубеж.

У панядзелак Мустаф адвозіў авёс, які ўбіралі на полі каля Папоўцаў. Сюды павіншаваць тысячніка прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Лютынскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў, дырэктар ААТ «Камайскі-агра» Ула­дзіслаў Шаршнёў.

— Тэмп узяты добры, таму жадаю, каб неўзабаве была і другая тысяча тон, — гаварыў, паціскаючы руку перадавіку, Генадзій Лютынскі. — Мы ганарымся, што менавіта ў нашым раёне працуюць такія шчырыя, мэтанакіраваныя людзі.

— Жніво ў гаспадарцы праве­дзена менш чым на 30 працэнтах плошчы, а ўжо ёсць тысяча. Як удалося дасягнуць такога паказчыка? — цікаўлюся.

— Складнікаў шмат, — тлумачыць Мустаф. — Высокая ўра­джайнасць — у пачатку жніва пшаніца на некаторых участках давала пад 60 цэнтнераў з гектара; прадукцыйная работа сучасных камбайнаў New Holland і руплівасць іх гаспадароў — Андрэя Сакалова і Васілія Чабуранава; недалёкая адлегласць ад поля да зернетака ў першыя дні жніва. Надзейна падрыхтаваў машыну — пакуль што не падводзіць.

Усё жыццё Мустафа Радкевіча звязана з сельскай гаспадаркай. Нарадзіўся ў Мягунах. Там жылі яго дзяды, бацькі. Не здрадзіў зямлі і ён.

— На наступны год па ранейшых мерках меў бы права на пенсію, — гаварыў. — Па новым законе яшчэ давядзецца папрацаваць. Люблю работу, тэхніку. А ад жніва асаблівае задавальненне, тым больш калі і надвор’е спрыяе тэмпам, і палі радуюць ураджайнасцю. За адзін рэйс МАЗ перавозіць да 20 тон. У адзін з дзён запісаў на свой рахунак больш за 260.

Размову перапыніў маячок, які заміргаў на камбайне Андрэя Сакалова. Гэта быў знак таго, што бункер поўны і вадзіцелю трэба пад’язджаць на загрузку.

Анна Анішкевіч, газета «Пастаўскі край».Фота аўтара

Прыемна атрымаць адзнаку за старанную працу