Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
6 ноября 2018

Яднае не толькі памяць

У мінулы чацвер у Дунілавічах пабываў міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.

Ён знаходзіўся ў Беларусі з двухдзённым візітам і прымаў удзел у пасяджэнні асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якое праходзіла ў Мінску з 31 кастрычніка па 1 лістапада. Яцэк Чапутовіч сустракаўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, наведаў Кальварыйскія могілкі.

У Дунілавічы прыехаў разам з паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім і асобамі, якія іх суправаджалі. Высокіх гасцей сустракалі саветнік старшыні аблвыканкама Міхаіл Даніленка, старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Юрый Кісялёў. Яны прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Затым у працэсіі накіраваліся на могілкі, дзе пахаваны польскія салдаты і афіцэры, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны 1920 года. Могілкі былі асвечаны 20 чэрвеня 1936 года. Тады на гэта мерапрыемства прыязджаў Прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі.

1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых, 2-га — успамінае ўсіх памерлых вернікаў. Знаходзячыся ў Беларусі, міністр замежных спраў Польшчы не прамінуў магчымасці ўскласці кветкі, запаліць свечкі на магілах сваіх суайчыннікаў, якія аддалі жыццё за Бацькаўшчыну.

— Хутка міне 100 гадоў з дня заканчэння той вайны, — гаварыў Яцэк Чапутовіч. — Пры падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ўдалося адрэстаўраваць могілкі польскіх салдат у Докшыцах, Задарожжы, Язне, Дунілавічах. Дзякуй уладам Беларусі за імкненне захаваць гэтыя пахаванні, магчымасць іх аднавіць. Сёння я не магу наведаць магілы сваіх родных у Варшаве, але рады, што малюся за польскіх салдат, якія знайшлі свой вечны спачын на беларускай зямлі. На памяці пра мінулае трэба будаваць будучыню, рабіць усё для таго, каб у свеце было менш ваенных канфліктаў. У няпростым геапалітычным кантэксце Беларусь з'яўляецца свое-асаблівым мостам паміж Усходам і Захадам.

Яцэк Чапутовіч адзначыў станоўчую дынаміку двухбаковых палітычных кантактаў і парламенцкіх сувязей паміж Польшчай і Беларуссю, рост гандлёвага тавараабароту, выказаў упэўненасць у далейшым паляпшэнні даверу і ўзаемаразумення паміж краінамі і запэўніў, што польскі бок будзе садзейнічаць падтрыманню суверэнітэту Беларусі, яе ідэнтычнасці.

— Адносіны паміж нашымі краінамі найлепш ахарактарызаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас свайго выступлення на пасяджэнні асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі, — гаварыў саветнік старшыні аблвыканкама Міхаіл Даніленка. — Беларусь — міралюбівая краіна. Народы Польшчы і Беларусі звязвае не толькі агульная гістарычная памяць, паміж імі развіваюцца эканамічныя, культурныя сувязі. У гэтыя дні мы ўспамінаем сваіх продкаў. На дунілавіцкіх могілках ляжаць польскія салдаты, якія з гонарам выканалі свой абавязак перад Айчынай. Вечная ім памяць.

Затым міністра замежных спраў Польшчы абступілі журналісты шматлікіх сродкаў масавай інфармацыі як Беларусі, так і Польшчы. Ім Яцэк Чапутовіч расказаў, што Беларусь уразіла гасціннасцю, паважлівымі адносінамі ўлады да захавання гістарычнай памяці. У далейшым польскі бок будзе рабіць усё для таго, каб развіваць трансгранічны турызм, паляпшаць адносіны паміж краінамі ва ўсіх сферах.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ, газета "Пастаўскі край"