У ліку найлепшых у вобласці
Сёння ў Віцебскай вобласці налічваецца 23 раённыя, гарадскія і міжраённыя аддзелы Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. На аснове шматлікіх паказчыкаў працы штогод складаецца іх рэйтынг.
Па выніках за мінулы год пастаўскія следчыя ўвайшлі ў тройку найлепшых у вобласці. У чым залог такога поспеху, карэспандэнту «ПК» адказаў начальнік Пастаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік юстыцыі Аляксандр Чатовіч.
— Аляксандр Аляксандравіч, Следчы камітэт Беларусі створаны адносна нядаўна…
— Так, яго гісторыя пачалася ўсяго 8 гадоў назад. 12 верасня 2011 года Прэзідэнт Беларусі А. Г. Лукашэнка падпісаў Указ №409 «Аб стварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь». Гэта паклала пачатак карэннай рэформе беларускай праваахоўнай сістэмы.
Стварэнню Следчага камітэта папярэднічала маштабная навуковая і аналітычная работа, вывучаўся замежны вопыт, ацэньвалася сучасная сітуацыя ў прававой і грамадска-палітычнай сферах. Галоўная задача, якая была пастаўлена перад новай структурай, — паляпшаць якасць, аператыўнасць і эфектыўнасць папярэдняга следства.
— Для яе вырашэння патрэбна сучасная матэрыяльна-тэхнічная база. У якім стане яна ў Паставах?
— Абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ідзе пастаянна. Менш чым год назад будынак нашага аддзела быў урачыста адкрыты пасля капітальнага рамонту. Была закуплена новая мэбля, камп’ютары. З’явілася асобнае памяшканне з камерамі для захоўвання рэчавых доказаў. Рэгулярна абнаўляюцца тэхнічныя сродкі. Асаблівая ўвага — праграмнаму забеспячэнню, так як у апошні час стала істотна больш злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій. Нашы беларускія праграмісты паспяхова ўдасканальваюць камп’ютарныя праграмы для іх раскрыцця.
— Ці ёсць у пастаўскага аддзела асаблівасці ў рабоце ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі?
— Наш раён прыгранічны, і гэта накладвае на нашу працу пэўны адбітак. Напрыклад, нам даводзіцца працаваць з такімі злачынствамі, як арганізацыя незаконнай міграцыі. Яны заўсёды маюць рэзананс у грамадстве. Як і карупцыйныя ці звязаныя з абаротам наркотыкаў. Узяць, напрыклад, сёлетні выпадак, калі ў сакавіку мы скончылі вытворчасць па крымінальнай справе ў адносінах да двух жыхароў Пастаў, якія займаліся рэалізацыяй наркатычных сродкаў. У выніку яны атрымалі істотныя тэрміны зняволення.
Усяго з моманту стварэння нашага райаддзела яго супрацоўнікамі скончана вытворчасць па больш чым 1200 крымінальных справах. Штогод гэта лічба вагаецца ў межах 150-160 спраў.
Важна ў нашай рабоце і тое, што за асобнымі лініямі злачынстваў замацаваны асобныя следчыя, таму яны ведаюць сваю работу дасканала. У цэлым мы расследуем увесь спектр злачынстваў, вызначаных крымінальным законам. У нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з іншымі структурамі — міліцыяй, пракуратурай, Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз, Дзяржпагранкамітэтам і іншымі.
— Раскажыце пра калектыў райаддзела.
— У ім дзесяць работнікаў, восем з якіх — следчыя. Усе яны маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю, большасць скончылі Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Дарэчы, з наступнага года ў інтарэсах Следчага камітэта там зноў будуць рыхтаваць спецыялістаў для нашай структуры. Раней набор быў прыпынены.
Чатыры з васьмі следчых райаддзела — жанчыны. Аднак яны працуюць у роўных умовах з мужчынамі. А работа няпростая, у тым ліку і фізічна. Падчас сутачных дзяжурстваў ты ў любы час павінен быць гатовы прыступіць да выканання сваіх прафесійных абавязкаў.
— Калектыў абнаўляецца?
—Амаль палова работнікаў працуе ў райаддзеле з дня яго заснавання. Ёсць і маладыя супрацоўнікі, якія займаюць свае пасады чацвёрты год. Калі гаварыць пра паспяховыя вынікі работы мінулага года, то ў гэтым заслуга абсалютна кожнага работніка. Яны ўмеюць працаваць як у камандзе, так і паасобку выконваць вузкаспецыяльныя задачы. Заўсёды прыйдуць адно аднаму на дапамогу. Такая атмасфера ў калектыве спрыяе дасягненню новых поспехаў.
Тэкст і фота Іны Сняжковай, газета “Пастаўскі край”