Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
27 мая 2019

Патанцуем, паспяваем людзей і горад уславім

Да Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” засталіся два тыдні. Пра асаблівасці свята карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч гутарыць з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галінай Чаплінскай.

— 20 мая прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, якое праводзіў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, — расказвала Галіна Мікалаеўна. — На ім прысутнічалі начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задаркоўская, начальнік упраўлення Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі і яго намеснік Галіна Баркевіч, прадстаўнікі мясцовай улады. Разгле­джаны надзённыя пытанні, у чарговы раз дэталёва абмеркаваны ўсе моманты мерапрыемства.

— Асаблівасць сёлетняга фестывалю не толькі ў тым, што ён юбілейны, але і ў тым, што ў яго рамках будзе адзначацца 610-годдзе Пастаў.

— Горад актыўна рыхтуецца да свайго дня нара­джэння. Шмат зроблена ў плане добраўпарадкавання: абнавілася цэнтральная плошча, пасвяжэлі ад новай фарбы гістарычныя будынкі, з’явілася шмат сучасных акцэнтаў, высаджана мноства кветак і дрэў. Пастаўчане даслалі першыя работы на творчы конкурс «Паставам — 610. Ідэі, якія змяняюць Паставы».
Насычаным будзе і сам юбілей. У пятніцу, 7 чэрвеня, у канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай пройдзе літаратурна-музычнае свята «І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай». «Пастаўшчына ў вымярэнні часу» — назва навукова-практычнай канферэнцыі ў райвыканкаме. А вечарам у Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбудзецца ўрачысты сход, прысвечаны юбілею райцэнтра. Падарункам пастаўчанам стане выступленне Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча.

— У суботу больш традыцыйных мерапрыемстваў?

— Будуць і традыцыі, і навінкі: усімі любімы конкурс калектываў і асобных выканаўцаў «Хто каго?», «Горад майстроў» з удзелам народных майстроў Віцебскай вобласці, агляд-конкурс сельскіх падворкаў «Пастаўшчына — жыцця майго крыніца», выстава ў краязнаўчым музеі «Славутасці Пастаўшчыны» (ушаноўванне краязнаўцаў), тэатралізаванае прадстаўленне «Музыка беларускіх палацаў і сядзіб» з удзелам народнага аркестра баянаў і акардэонаў Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа, урачыстае адкрыццё фестывалю «З юбілеем, родны горад!», «Пастаўскі баль», вогненнае шоу, канцэрт эстрадных выканаўцаў, яркі феерверк.

А ўвогуле, выступленні творчых калектываў — лаўрэатаў мінулагодніх фестываляў — пройдуць на 10 канцэртных і выставачных пляцоўках у горадзе і на 6 — на сяле. Гледачы сустрэнуцца з найлепшымі калектывамі.

— У тым ліку і з-за мяжы?

— Расія, Літва, Латвія, Эстонія, Украіна, Грузія пацвердзілі свой удзел. Новыя канцэртныя праграмы падрыхтавалі і калектывы нашага раёна. Фестывальныя мерапрыемствы разлічаны на любы густ. Будзе нямала сюрпрызаў. Таму запрашаю ўсіх на свята творчасці.