9:1 на карысць пастаўчан
З такім разгромным лікам футбольная каманда «Паставы» перамагла сапернікаў з «Нівы» (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці) у фінальнай гульні рэспубліканскіх спаборніцтваў «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба
Сёлета турнір атрымаўся вельмі масавым — у адборачных этапах удзельнічалі 2 569 каманд, 32 298 ігракоў. А з 3 па 6 верасня амаль 500 юных футбалістаў, якія дайшлі да фіналу, змагаліся за ўзнагароды «Скуранога мяча» на стадыёне футбольнага клуба «Мінск». Гонар Пастаў у старэйшай узроставай групе абаранялі Багдан Асяненка, Кірыл Урбанайць, Мікіта Ерамееў (капітан), Кірыл Цыунель, Глеб Касенка, Аляксандр Звяруга, Крысціян Дзеўгуць, Мікіта Андрэйчык, Сяргей Быкаў, Вадзім Якімовіч, Максім Шчыт, Павел Ядэмскі, Максім Раманоўскі, Улад Сапрончык. Усе — выхаванцы Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба, трэніруе хлопчыкаў ужо сем гадоў Аляксандр Тарасевіч.
Па выніках жараб'ёўкі пастаўчане трапілі ў групу «В». У першай гульні яны сустрэліся з камандай «Фрунзенец» (Фрунзенскі раён г. Мінска). Вынік — 2:0 на карысць каманды «Паставы». У другім матчы пастаўскія футбалісты абыгралі сапернікаў з «Юнацтва» (Лідскі раён Гродзенскай вобласці) з лікам 1:0, у трэцім — каманду «Тарпеда» (Магілёў) 8:1. У фінальнай гульні нашы хлопцы ўпэўнена перамаглі лідара групы «А» — каманду «Ніва» і занялі 1-е месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.
— Да гэтай перамогі каманда ішла некалькі гадоў: хлопчыкі ўжо займалі 2-е і 3-е месцы ў «Скураным мячы» ў сярэдняй узроставай групе. Сёлета быў апошні шанц узяць рэванш і заваяваць галоўны трафей турніру, і яны ім удала скарысталіся, — расказваў трэнер каманды Аляксандр Тарасевіч. — Каманда трымалася на полі ўпэўнена, паказала выдатную гульню, перавышала ў зладжанасці дзеянняў усіх сапернікаў. Цана перамогі — не толькі шматгадовыя трэніроўкі, але і стопрацэнтнае выкананне ўсіх указанняў і ўстановак трэнера. Рады, што ў нас склалася поўнае ўзаемаразуменне.
Каманда-пераможца ўзнагароджана дыпломамі, медалямі, вялікім і маленькімі Кубкамі, падарункамі. Акрамя гэтага, Максім Шчыт прызнаны найлепшым варатаром турніру па амплуа.
Сёлетні «Скураны мяч» запомніцца пастаўчанам не толькі феерычнай перамогай, з якой футбалістаў не перастаюць віншаваць і сёння, выдатнай атмасферай спаборніцтваў, але і наведваннем адкрытай трэніроўкі нацыянальнай зборнай па футболе і першага матча сезона Кантынентальнай хакейнай лігі ў Мінск-Арэне.
Тэкст і фота Веранікі Філановіч, газета “Пастаўскі край”