Прывезлі з ХІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Зорная восень» у Кіеве юныя цымбалісты Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза.
— У гэтым конкурсе мы ўдзельнічалі яшчэ два гады назад, тады я вазіла на яго Валерыю Патрушаву, якая заваявала Гран-пры, — расказвала педагог школы мастацтваў па класе цымбалаў Галіна Барысюк. — Сёлета вырашыла паспрабаваць шчасця з трыма сваімі вучнямі: Александрыяй Хромавай, Дар’яй Гучык і Гардзеем Кірплюком. Яны выступалі ў розных узроставых катэгорыях: Гардзей, якому ўсяго 7 гадоў, — у малодшай, 8-гадовая Даша — у сярэдняй, а Александрыя (ёй 12) — у старэйшай. І ўсе атрымалі дыпломы.
«Зорная восень» сабрала больш за 200 удзельнікаў з усіх куткоў Украіны і Беларусі. Былі прадстаўлены харэаграфічны, інструментальны, размоўны, вакальны жанры. Сапраўдны калейдаскоп мастацтва, у якім не згубіліся нашы маленькія музыканты! Яны выконвалі па два рознахарактарныя творы і былі прызнаны журы лаўрэатамі адпаведна другой, трэцяй і першай ступеняў.
Дамоў пастаўчане вярнуліся не толькі з узнагародамі, але і з прыемнымі ўражаннямі ад вельмі цёплага, гасціннага прыёму.
Алена Шапавалава, газета «Пастаўскі край»
Фота Наталлі Хромавай