Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Дворец Тызенгауза Ночная набережная Храм Постав Поставы ночью
Набережная
Набережная
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Храм Постав
Поставы ночью
Главная / Новости / Новости района
29 мая 2017

Шчасліва жыць аднаму немагчыма

У раённым Доме культуры прайшоў конкурс мнага­дзетных сем’яў. Яго арганізатарам выступіла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, раённых арганізацый рэспубліканскага грамадскага аб’­яднання “Белая Русь” і грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. За права звацца лепшай сям’ёй сёлета змагаліся Нагановічы (Юнькаўскі сельсавет), Усовічы (Курапольскі), Мішуты (Валкоўскі) і Ла­зікевічы (г. Паставы).

Вядучая мерапрыемства Таццяна Кухальская прадставіла сем’і і членаў журы, у склад якога ўвайшлі намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М. П. Нагановіч, дырэктар раённага Дома культуры А. Б. Чарнюк, намеснік старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’­яднання “Белая Русь” М. А. Кабайла, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” І. А. Каралёва. Цёпла вітаў канкурсантаў Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што сям’я — самае дарагое, што ёсць у чалавека. Вялікае шчасце, калі ў доме пануюць каханне, згода, узаемаразуменне і гучаць звонкія дзіцячыя галасы.

«Радавод» 

Пасля жараб’ёўкі сем’і прыступілі да выканання першага этапа конкурсу. Называўся ён “Радавод”. Яго заданнем было расказаць пра членаў сям’і, яе традыцыі і звычаі, значныя падзеі, святы, погляды на жыццё і каханне. Кожнае выступленне суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй, падчас якой з экрана дэманстраваліся здольнасці і захапленні, сумесная праца і адпачынак.

Сям’я Усовіч.

Неардынарнай была прэзентацыя сям’і Усовіч. Гаспадар Юрый Казіміравіч працуе механізатарам, яго жонка Жанна Аляксандраўна загадвае магазінам у Андронах, сыны Максім і Коля вучацца ў школе, а ўсеагульнай любімі­цы Матроне 3 гадкі. У вершаванай форме яны расказалі пра лепшыя якасці кожнага. У сямейным куфэрку захоўваюцца самыя дарагія рэчы: ручнік, на якім муж з жонкай стаялі падчас шлюбу, свечка, што ахоўвае дом ад няшчасцяў, стужкі, якімі ўпрыгожвалі пялёнкі сыночкаў, калі забіралі іх з раддома. А яшчэ ўсіх гасцей гэта сям’я сустракае хлебам-соллю. Пачаставалі караваем Усовічы і журы, і гледачоў.

Юлію Валер’еўну Лазікевіч добра ведаюць пастаўчане. Яна — выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара мясцовага тэлеканала “Паставы-ТБ”. Яе муж Ігар Вацлававіч працуе ў Пастаўскім мэблевым цэнтры. Дачушкі Сафія і Аня — школьніцы, пяцігадовы Ваня наведвае дзіцячы садок. Радавод сям’і ледзь змяс­ціўся на вялікім аркушы паперы, які ўпрыгожылі фотаздымкі некалькіх пакаленняў. Падчас прагляду відэароліка прысутныя яшчэ раз упэўніліся ў тым, што гэта сям’я творчая. Асаблівы талент прадэманстравалі Сафія, Аня і Ваня. Музыкальныя, артыстычныя, абаяльныя, знаходлівыя, яны цудоўна малююць, іграюць на піяніна, захапляюцца лепкай з салёнага цеста, займаюцца спортам, танцуюць і спяваюць. Усе разам даглядаюць невялікую гаспадарку, любяць адпачываць на прыродзе.

Сям’я Мішута.

Мішуты з Валкоў прыехалі няпоўным складам — па ўважлівай прычыне адсутнічаў гаспадар сям’і Сяргей Васільевіч. Але Таццяна Іосіфаўна, якая працуе ў Валкоўскім сельвыканкаме, з дзецьмі Валерыяй, Веранікай і Уладзіславам годна прадставілі сям’ю.

Сям’я Нагановіч.

Дружнымі, згуртаванымі паказалі сябе Нагановічы з вёскі Кашыцы Юнькаўскага сельсавета: Канстанцін Міхайлавіч — электраманцёр раёна электрычных сетак, Юлія Аляксандраўна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, іх дачушкі Караліна і Ксенія, сынок Захар.

З фотаздымкаў, відэаролікаў і выступленняў на сцэне гледачы даведаліся, што ўсе таты працавітыя, майстравыя, мамы — клапатлівыя, сапраўдныя гаспадыні, мудрыя дарадцы, дзеці маюць шмат захапленняў і разам з тым надзейныя памочнікі бацькам, у тым ліку па доглядзе малодшых братоў і сясцёр, якіх вельмі любяць.

А ўвогуле ўсе ўдзельнікі даказалі, што для кожнага з іх сям’я — маленькі астравок, дзе існуюць свае традыцыі, пануюць узаемапавага і ўзаемаразуменне, фармі­руюцца любоў да здаровага ладу жыцця, імкненне займацца творчасцю. А галоўнае — у дзяцей, якія выхоўваюцца ў гэтых сем’ях, шчаслівае дзяцінства, сагрэтае моцнай бацькоўскай любоўю. Шчасліва жыць аднаму немагчыма — сцвярджалі ўдзельнікі конкурсу.

“Нашы ручкі залатыя” 

Так называўся другі этап конкурсу. У фае былі выстаўлены работы сем’яў. Мішуты з Валкоў частавалі выпечкай: якіх толькі прысмакаў тут ні было — торт, трубачкі, хрушчы, блінчыкі, тварожныя запяканкі і многае іншае. А яшчэ Таццяна Іосіфаўна разам з дзецьмі хораша спявалі.

Малюнкі Соні і Ані Лазікевіч занялі цэлы стэнд. На асобным стале размясцілася ляпліна з салёнага цеста. Затым усе члены сям’і паказалі лялечны спектакль “Яблык”. Ён быў павучальным як для дзяцей, так і для дарослых.

Пальмы з пластыкавых бутэлек, заяц з пенапласту, іншыя дэкаратыўныя формы для ўпрыгажэння панадворка дэманстравала сям’я Усовіч, у якой над тым, каб каля дома было прыгожа і ўтульна, шчыруюць і бацькі, і дзеці.

У сям’і Нагановіч як самыя дарагія рэліквіі захоўваюцца Ганаровыя граматы, Падзякі, дыпломы, якімі адзначаны старанная праца Канстанціна Міхайлавіча і Юліі Аляксандраўны, дасягненні ў вучобе, актыўнасць у школьным жыцці дзяцей.

“Мая краіна — мая сям’я” 

Падчас гэтага этапа канкурсанты расказвалі пра любоў да Беларусі, Пастаўшчыны, тых мясцін, дзе нарадзіліся і жывуць. Прыемна было бачыць сям’ю Лазікевіч, члены якой выйшлі на сцэну ў беларускіх нацыянальных касцюмах і прыгожа гаварылі пра Бацькаўшчыну, а яшчэ станцавалі. Паэтычна і мілагучна распавядала пра малую радзіму Таццяна Мішута, сакрэтамі выхавання дзяцей дзяліліся Усовічы і Нагановічы.

— Паўтарагадзінная праграма была вельмі насычанай, — гаварыў у заключэнне Ю. М. Кісялёў. — Усе атрымалі масу пазітыву. Канкурсанты стараліся. Нават самыя маленькія шчыра дапамагалі мамам і татам, брацікам і сястрычкам спаборнічаць за званне самай паспяховай сям’і. Наступіў час падводзіць вынікі. Вы — малайцы! На вашых прыкладах трэба іншым дэманстраваць сямейныя каштоўнасці і традыцыі.

Вызначыць самых лепшых журы было няпроста. Але конкурс ёсць конкурс. На першае месца выйшла сям’я Лазікевіч. Складальнікаў іх лідарства шмат: творчасць Юлі, талент дзетак, адказнасць Ігара і, вядома, узаемаразуменне.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі дыпломы, каштоўныя падарункі, заахвочвальныя прызы.

Каштоўнасці не мяняюцца 

Мяняюцца часы і норавы, людзі і іх жыццё, а галоўнай каштоўнасцю па-ранейшаму застаецца сям’я. Толькі ў ёй чалавек па-сапраўднаму адчувае пра сябе клопат, можа расказаць родным пра свае праблемы і радасці. На сям’і ляжыць адказнасць за выхаванне дзяцей, а значыць — за будучае краіны. Некалі вялікія сем’і — 5-8 дзяцей — былі нормай. У іх з маленства прывыкаюць усім дзяліцца з іншымі, частачку сябе аддаваць братам і сёстрам. Радуе, што апошнім часам колькасць сем’яў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, павялічваецца — на Пастаўшчыне такіх налічваецца 360. Істотную падтрымку аказвае ім дзяржава.

Было прыемна бачыць у зале групы падтрымкі з ліку не толькі родных канкурсантаў, але і старшынь Валкоўскага і Курапольскага сельскіх Саветаў Т. Б. Баторы і М. М. Яльчыка, калег.

Цудоўным аздабленнем конкурсу стала выступленне ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці: Марыны Ніканавай, Аліны Вайцяхоўскай, Юліі Запольнай.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота аўтара

Интернет-ресурсы