Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Ночная набережная Поставы ночью Храм Постав Набережная Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Ночная набережная
Поставы ночью
Храм Постав
Набережная
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
24 июня 2020

Птушкі «прызямліліся» ў Азёрках

Тыдзень назад на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі» з’явіліся новыя насельнікі — фазаны, куры і індыкі. Птушкі ўжо паспелі асвоіцца і, па ўсім бачна, адчуваюць сябе выдатна.

Навасёлы размясціліся на міні-­птушкаферме плошчай 300 метраў квадратных. А знаходзіцца яна насупраць вяровачнага гарадка. І нават тыя, хто не зусім добра арыентуецца ў зоне актыўнага адпачынку комплексу, не змогуць не заўважыць новы аб’ект. Да таго ж ён вельмі прыкметны.

Асобны каларыт птушынаму жыллю, зробленаму ў асноўным з дрэва, надаюць камяні рознай формы. Яны абрамляюць сажалку, выкапаную пасярэдзіне міні-фермы, нібы рамка — люстэрка. Камні апярэзваюць жывыя і штучныя дрэвы, птушыныя домікі, яны выкладзены і ўздоўж агароджы. І што мяне вельмі ўразіла — з іх створаны нават арт-аб’ект у форме чашы, на дне якой ляжаць яйкі. Каменныя, зразумела. Гэты прыродны матэрыял перадаў дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык, які заўжды ідзе насустрач просьбам работнікаў аддзела спорту і турызму райвыканкама. А тыя бязмежна ўдзячныя таксама страхаўшчыку Алегу Дашкевічу за шчодры падарунак — частку насельнікаў для гэтай птушкафермы.

— Не абышлося і без прыгод, — не ўтойвае начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Пасля наваселля недалічыліся некалькіх цацарак і самкі фазана, якія скарысталіся нашай нявопытнасцю і паляцелі на волю. Але не страчваем надзеі, што яны вернуцца. Памылку выправілі ў той жа дзень: абцягнулі верх высокага вальера маскіровачнай сеткай.

Астатнім птушкам дазволена разгульваць па тэрыторыі свабодна. Яны паводзяць сябе натуральна, людзей не палохаюцца. На ўваходзе ў «куратнік» нас сустракае шыкоўны певень пароды брама, які выдзяляецца сярод сваіх родзічаў пышным апярэннем тулава і лап. Яго «сяброўка» бавіць час у кампаніі курэй пароды кітайская шаўковая. Яны па чарзе «даследуюць» два драўляныя домікі: то заходзяць у іх па памосце ў выглядзе лесвіцы, то выходзяць. Побач — пад раскідзістай елкай — паважна пахаджвае індык. Але як толькі да яго набліжаецца індычка, паводзіны самца рэзка мяняюцца: «кавалер» выпячвае грудзі і распраўляе хвост веерам. Насупраць парачкі нетаропка мераюць крокамі свой вальер фазаны. Пры мне спроб «пабегу» заўважана не было.

Паступова птушыны двор папоўніцца курамі розных парод, гусямі і качкамі (плануецца набыць індыйскіх бегункоў, падобных да пінгвінаў).

— Жывы куток разлічаны ў першую чаргу на дзетак, — тлумачыць суразмоўца. — Але мы ўпэўненыя, што птушкі стануць любімцамі ўсіх наведвальнікаў «Азёрак». Як толькі яны з’явіліся, я і сам спяшаюся паназіраць за іх паводзінамі. Рэлакс неверагодны!

Цалкам згодная. Цудоўны настрой гарантаваны! А вось каб не трывожыць птушак, любавацца імі можна толькі з назіральнай пляцоўкі.

Вераніка Філановіч, газета “Пастаўскі край”. Фота аўтара.

Интернет-ресурсы