Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Ночная набережная Поставы ночью Храм Постав Набережная Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Ночная набережная
Поставы ночью
Храм Постав
Набережная
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
28 ноября 2016

Першая сусветная: трагедыя, гераізм, памяць, прымірэнне

"Першая сусветная: трагедыя, гераізм, памяць, прымірэнне" Пад такой назвай на мінулым тыдні на Пастаўшчыне прайшоў другі аўтапрабег, прымеркаваны да Дня прымірэння і памяці ахвяр Першай сусветнай вайны", які адзначаецца 11 лістапада. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі раённы краязнаўчы музей і валанцёрскі клуб "Заходні рубеж".

Сярод удзельнікаў — даследчыкі, журналісты, валанцёры

У аўтапрабегу прынялі ўдзел каля паўсотні чалавек. Гэта пісьменнікі, журналісты, вядучыя даследчыкі падзей Першай сусветнай вайны, аўтары кніг “Битва у Нарочи, 1916” У. А. Багданаў і “Западный щит Российской империи” В. В. Бандарэнка, кавалер ордэна Ф. Скарыны за стварэнне ўстаноўчага фонду “Крокі” памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, член Саюза мастакоў Беларусі Б. Б. Цітовіч, намеснік старшыні Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў Л. М. Багдасараў, рэканструктар, намеснік дырэктара фірмы “Сэнс-Геральдыка” А. У. Аралін, прадстаўнікі партнёрскай арганізацыі, якая прадстаўляе інтарэсы Народнага саюза Германіі па доглядзе ваенных магіл на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь У. К. Гіль і Л. К. Качановіч, намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, прадстаўнікі духавенства, грамадскіх арганізацый і казацтва, ваеннаслужачыя, гісторыкі і вучні раёна, супрацоўнікі Пастаўскага, Браслаўскага і Вілейскага музеяў, сталічныя і мясцовыя журналісты.

Аўтапрабег стартаваў у філіяле музея, размешчаным у палацы Тызенгаўзаў. Тут госці азнаёміліся з экспазіцыяй “Першая сусветная вайна на Пастаўшчыне” і фотавыставай Андрэя Мацура “Нябачныя помнікі вайны”. Пасля дырэктар установы Р. Л. Курачэнка сказала некалькі слоў пра падзеі стогадовай даўнасці і іх значэнне для агульнаеўрапейскай гісторыі. У прыватнасці, яна адзначыла, што ў пачатку мінулага стагоддзя былі апрабаваны новыя віды ўзбраення: танкі, самалёты, кулямёты, агнямёты, падводныя лодкі і ядавітая хімія. Загінулі мільёны людзей, былі разбураны помнікі сусветнай культуры, знішчаны плён стваральнай працы многіх пакаленняў. Наступствы аказаліся яшчэ больш маштабнымі, чым сама вайна, якая да непазнавальнасці перакроіла па­літычную карту Еўропы, выклікала хвалю рэвалюцый, пераваротаў, грамадзянскіх і лакальных войнаў.

— На жаль, мы мала ведаем пра тую вайну, невядомыя салдаты якой кінуты ў безыменныя магілы без крыжоў і надмагільных помнікаў. Толькі на тэрыторыі Пастаўшчыны загінулі каля 80 тысяч воінаў Рускай імператарскай арміі. Заходнееўрапейцам варта спаўна ацаніць іх ахвярнасць, нам жа — навучыцца ў іх, як выконваць апошні доўг перад загінулымі, — падсумавала Раіса Леанідаўна.

У сваю чаргу Ю. М. Кісялёў звярнуў увагу прысутных на назву аўтапрабегу, адзначыўшы, што кожнае яе слова нясе вялікую сэнсавую нагрузку. Але на сучасным этапе ключавым з’яўляецца слова “прымірэнне”, паколькі свет коціцца да стварэння штучнага напружання.

— Людзі забываюць, што вайна нясе з сабой шматлікія ахвяры, боль, страх, разбурэнні, забойствы. Пра гэта трэба памятаць і гаварыць. Работа, якая праводзіцца музеем і валанцёрамі, знаходзіць падтрымку ў раённых органаў улады. Мы думаем над тым, як рэалізаваць яшчэ адзін праект, звязаны з аднаўленнем участка абароны каля возера Задзеўскае, — канстатаваў Юрый Мікалаевіч.

Там, дзе пралівалася кроў

Пасля такой невялікай прадмовы ўдзельнікі аўта­прабегу адправіліся ў дарогу па раней спланаваным маршруце. Першым прыпынкам на ім значылася вёска Перавознікі. У час знакамітай Нарацкай аперацыі тут знахо­дзілася ўпраўленне ІІ Сі­бірскай стралковай дывізіі. У першыя суткі баёў яна панесла вельмі вялікія страты — загінулі 55 афіцэраў і 5200 стралкоў. Пазней яны былі дастаўлены з нейтральнай паласы і пахаваны на вясковых могілках. Але на сённяшні дзень засталося толькі пахаванне салдат, на месцы якога нядаўна ўстанавілі крыж. Пра гэта расказаў прысутным гісторык па адукацыі, дырэктар Юнькаўскай ЯСБШ А. І. Кузняцоў, які і адкрыў для шырокай грамадскасці дадзенае пахаванне. Аляксандр Іванавіч таксама паведаміў, што, па інфармацыі спецыялістаў, якія працуюць у архівах, у суседняй вёсцы Гутары на грамадзянскіх могілках таксама ёсць адзінкавыя пахаванні рускіх воінаў. Таму работа па аднаўленні памяці пра іх бу­дзе прадоўжана.

Настаяцель Варапаеўскага храма айцец Георгій прачытаў малітву ў памяць пра загінулых і асвяціў крыж. А вучні Юнькаўскай школы і казакі Пастаўскага казацкага аддзела ўсклалі да яго жывыя кветкі і вянкі. Работнікі музея паставілі лампадку.

Далейшы шлях ляжаў у зону непасрэдных баёў Нарацкай аперацыі. На самым яе краі, у вёсцы Вялікая Волься, на вясковых могілках маецца ваенны ўчастак, дзе пахаваны пераважна нямецкія салдаты і афіцэры, якія загінулі ў перыяд з восені 1915-га па 1917 год.

— Яшчэ гадоў 10 назад надмагільныя крыжы, якія бачыце перад сабой, былі раскіданы па ўсёй тэрыторыі могілак. Але не так даўно нехта, відаць, мясцовыя жыхары, сабраў іх і акуратна паставіў, — расказваў даследчык тых падзей У. А. Багданаў, прадэманстраваўшы малюнкі і фота­здымкі гэтага месца з нямецкіх палкавых гісторый. — Крыху воддаль стаяць тры арыгінальныя помнікі сапёрам 1915 года. Бетонныя ж крыжы, якія ўбачым і далей, устанаўліваліся ў канцы 20-ых — пачатку 30-ых гадоў мінулага стагоддзя, калі тут была тэрыторыя Польшчы, на грошы Міжнароднага Чырвонага Крыжа, дзякуючы чаму захаваліся многія прозвішчы.

Як і ў Перавозніках, гэта і ўсе наступныя пахаванні былі асвечаны бацюшкам, на іх пастаўлены вянкі і лампадкі.

Чарговым месцам прыпынку сталі могілкі 52-га рэзервовага нямецкага пяхотнага палка ля вёскі Норкавічы — адзін з сямі аб’ектаў, прыведзены сёлета ў парадак членамі валанцёрскага клуба “Заходні рубеж”. Тут пахаваны афіцэры і салдаты, якія загінулі ў сакавіку 1916 года. Надпісы на надмагільных плітах чытаюцца дрэнна. Таму, па словах кіраўніка клуба А. Мацура, не выключана, што разам з нямецкімі могуць быць і пахаванні рускіх салдат. Большая частка пліт пакуль знаходзіцца пад дзірваном, і валанцёры паабяцалі абавязкова сюды вярнуцца, каб раскапаць іх. Дарэчы, тое, што яны робяць на Пастаўшчыне, — унікальны прыклад, аналагічных якому ў Беларусі няма.

Два вялікія нямецкія пахаванні маюцца ў вёсцы Ярэва, дзе стаяў 17-ты пяхотны полк. На месцы аднаго з іх у гады Савецкай улады пабудавалі калгасны свіран, узвялі іншыя гаспадарчыя пабудовы. Не так даўно намаганнямі мясцовых жыхароў тэрыторыя могілак была абгароджана, устаноўлены паклонны крыж. Гэтыя могілкі большыя за суседнія, раней на іх, мяркуючы па даўнейшых фотаздымках, таксама былі надмагільныя крыжы. Але потым кудысьці зніклі, не выключана, што ляжаць у фундаментах розных будынкаў.

Як расказаў прадстаўнік партнёрскай арганізацыі, што прадстаўляе інтарэсы Народнага саюза Германіі па доглядзе ваенных магіл на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь У. К. Гіль, гэтыя і іншыя месцы пахаванняў арганізоўваліся ветэранамі Першай сусветнай вайны, якія аб’ядналіся ў названы вышэй саюз. Ветэраны збіралі ахвяраванні, каб утрымліваць іх у парадку. І такая практыка працягваецца па сённяшні дзень. Амаль усе могілкі ў Беларусі інтэрнацыянальныя. І на ярэўскіх, дакладна, ляжаць салдаты і рускай арміі, якіх хавалі з такой жа пашанай, як і нямецкіх. Увогуле, дэвіз саюза — работа над магіламі ў імя міру і прымірэння.

Дзякуючы валанцёрам

З Ярэва ўдзельнікі аўта­прабегу накіраваліся на ўчасткі самых жорсткіх баёў. На 5 кіламетрах, што чакалі наперадзе, за 4 дні Нарацкай аперацыі страты толькі рускай арміі склалі каля 50 тысяч чалавек. Гэта была зямля, у прамым сэнсе слова палітая крывёй і ўсланая чалавечымі целамі. І першы прыпынак тут зрабілі ля вёскі Свілелі, дзе вечным сном спяць рускія і нямецкія воіны. На гэтым месцы наступала ІІ Сібірская стралковая дывізія, і раней у ваколіцах паселішча было каля сотні пахаванняў. На сённяшні дзень знойдзены толькі 43 крыжы, з іх 5 — расійскія і 38 — нямецкія. З 38 нямецкіх усяго 13 — імянныя, астатнія — невядомыя.

Гэта яшчэ адзін аб’ект, зроблены сёлета пастаўскімі валанцёрамі, а ўсяго яны папрацавалі на 11 могілках. Расказаўшы пра тое, як няпроста было паднімаць урослыя ў зямлю крыжы вагой каля 60-70 кілаграмаў, А. Мацур ад валанцёрскага клуба ўручыў спецыяльна вырабленыя сімвалічныя знакі людзям, якія прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні чатырох і больш месцаў пахавання: Юрыю Сіманьку, Дзмітрыю Жуку, Ільі Буркевічу і Сяргею Казуру, а таксама У. А. Багданаву, Б. Б. Цітовічу, стваральніку знака С. І. Катовічу, Ю. М. Кісялёву і А. У. Араліну. Апошні ў сваю чаргу як намеснік генеральнага дырэктара фірмы, што займаецца вытворчасцю дзяржаўных узнагарод — ордэнаў і медалёў, — падарыў раённаму краязнаўчаму музею копію георгіеўскага банта.

Далей на маршруце былі Міку­лішкі. Да іх ехалі па былой лініі фронту. З правага боку дарогі праплывалі нямецкія бліндажы, з левага ўбачылі знак “Пагранічная паласа”. Зноў спыніліся і выйшлі з машын. У. А. Багданаў, паказаўшы на поле за знакам, расказаў, што тут праходзіла адна з самых кровапралітных бітваў. У пацвярджэнне сваіх слоў прадэманстраваў архіўны фотаздымак гэтага месца: на ім адзін ля аднаго забітыя рускія салдаты. За полем — лес, рубеж, на якім немцам удалося стрымаць расійскае наступленне. За некалькі метраў ад дарогі — рэшткі мо­гільніка, які паступова заворваўся, а таму на ім знойдзены ўсяго пара-тройка крыжоў.

І вось апошняя кропка маршруту — урочышча Вілейты. Заходзім у памянёны вышэй лес і адразу аказваемся на краі вялікага нямецкага пахавання. Да мінулага года пра яго не ведаў ніхто, нават мясцовыя жыхары. За стагоддзе надмагільныя пліты закрыў слой глебы.

— Але ўпала дрэва і каранямі падняло адну з пліт, — апавядае У. А. Багданаў. — Я пачаў глядзець і побач знайшоў 30 пліт. Тады здавалася, што гэта шмат. Потым прыехаў сюды з Андрэем Мацурам і афіцэрам з пагранзаставы. Сталі шукаць далей — знайшлі 70. А напярэдадні аўтапрабегу Андрэй з валанцёрамі адкапалі яшчэ 10 пліт.

Яны размешчаны радамі. Збоку расійскае пахаванне — 38 салдат. Унікальнасць гэтага могільніка ў тым, што тут 80 магіл ваеннаслужачых аднаго палка — 232-га нямецкага рэзервовага, якія загінулі ў адзін дзень — 21 сакавіка 1916 года.

Каб будучыня не выстраліла з пушкі

Аддаўшы даніну павагі загінулым, збіраемся вяртацца ў Паставы. Але перад гэтым слова бярэ адзін са стваральнікаў фонду “Крокі” памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Б. Б. Цітовіч. Сваю невялікую прамову ён пачынае з афарызма: “Калі плюнеш у мінулае, будучыня выстраліць у цябе з пушкі”.

— Гэта цалкам адносіцца да Першай сусветнай вайны, паколькі яе героі аказаліся апляванымі, а сама вайна — паўзабытай, — зазначае Барыс Барысавіч і працягвае: — Магчыма, Вялікая Айчынная не адбылася б або прайшла ў іншым фармаце, калі б жыла памяць і былі зроблены годныя высновы з тых падзей. Я жадаю, каб памяць абу­дзілася ва ўсіх пакаленняў — ад дзяцей да людзей пажылога ўзросту. Трэба помніць, што сённяшняе мірнае жыццё заваявана крывёй нашых продкаў — удзельнікаў Першай і Другой сусветных войнаў.

— Мы праехалі па месцах, дзе многія дзесяцігоддзі не было арганізаваных паездак, шмат магіл закінута, знаходзіліся ў жахлівым стане, — гаварыў пасля завяршэння аўтапрабегу У. А. Багданаў. — Зараз аддалі да­ніну памяці трагедыі, якая адбывалася на пастаўскай зямлі 100 гадоў назад.

Гэта годны ўчынак з нашага боку як нашчадкаў. Спадзяюся, што рух, які развіўся на Пастаўшчыне, не толькі захаваецца, але і дасць імпульс іншым раёнам, паслужыць прыкладам таго, як трэба абыходзіцца з гістарычнай памяццю.

— Можна шмат чытаць пра месцы баёў, але зусім іншыя адчуванні, калі бачыш іх на ўласныя вочы, — дзяліўся сваімі ўражаннямі вядомы тэлежурналіст і пісьменнік В. В. Бандарэнка. — Я пабываў у многіх легендарных месцах баявой славы і сёння адчуваю прыкладна тое ж, калі ўпершыню ўбачыў Сталінград, Севастопаль, Кулікова поле. Упэўнены, што аўтапрабег ужо стаў традыцыяй і яна будзе працягвацца доўгія гады.

Алена ШАПАВАЛАВА.
Фота аўтар

Интернет-ресурсы