Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Ночная набережная Дворец Тызенгауза Поставы ночью Храм Постав
Набережная
Набережная
Ночная набережная
Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Храм Постав
Главная / Новости / Новости района
13 сентября 2019

Паклонімся вялікім тым гадам…

У сярэдзіне жніўня на Пастаўшчыне распачаўся першы этап міжнароднай акцыі памяці «На славу агульнай Перамогі». Матэрыял пра яе пад назвай «Зямля навечна застанецца сведкай тых падзей», а таксама пра першае мерапрыемства акцыі быў надрукаваны ў №67 «ПК». На мінулым тыдні адбылося аналагічнае: спецыялісты зрабілі забор зямлі з месцаў воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Абаронцам Айчыны – вечная слава

На гэты раз у склад рабочай групы ўвайшлі намеснік начальніка і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка і Наталля Субко, ваенны камісар раёна Мікалай Кулік, навуковыя супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея Марыя Лапцінская і Віталій Грачоў, другі сакратар райкама БРСМ Анастасія Скрыдлеўская. Пункт прызначэння — вёска Сіўцы Ярэўскага сельсавета. Падчас Другой і Першай сусветных войнаў тут ішлі бязлітасныя баі, зараз пра тыя падзеі сведчаць воінскія пахаванні і два памятныя знакі.

— Тут падчас Першай сусветнай вайны германцы прымянілі газавую атаку. Ад уздзеяння хімічнай зброі іх праціўнікі задыхаліся і паміралі. У сіўцаўскай зямлі яны і знайшлі вечны спачын. Побач свой апошні зямны прытулак знайшлі і салдаты, якія загінулі ў гэтай мясцовасці ў часы Вялікай Айчыннай,  — успамінала пра ахвяр войнаў Марыя Лапцінская.

Жыве памяць народная

Падзеі Другой сусветнай у Сіўцах узгадала ўраджэнка гэтай вёскі Таццяна Пятроўна Кучар, якая разам з дэлегацыяй прысутнічала на мерапрыемстве.

— З Пастаў паведамілі, што наступаюць немцы. Нашы пачалі адступаць у бок Браслава. На могілкі часоў Першай сусветнай у Сіўцах прывезлі загінулых салдат, выкапалі яму і пачалі іх туды ўкладваць, кожны рад перакрываючы шынялямі. Але час падціскаў, і франтавікі папрасілі майго тату Пятра Шурпіка, Гілярыя Сароку і Аляксандра Шурпіка закончыць пахаванне. Палітрук збегаў па елачку і пасадзіў каля магілы. На развітанне сказаў: «Мы вернемся». Але ніхто не вярнуўся, — расказвала Т. Кучар. — Свежы насып зямлі вяскоўцы прыкрылі лісцем, бо баяліся, што гітлераўцы кінуць гранату на магілу, каб ад яе не засталося і следу. Колькі дакладна чалавек тут пахавана, мой бацька не ведаў.


Паблізу пахаваны яшчэ два чырвонаармейцы, крыху далей — яшчэ адзін чалавек. Хто ён такі, жыхары вёскі так і не вызначылі: труп мужчыны знайшлі за агародамі, ён быў апрануты ў форму чырвонаармейца, а нацельную бялізну меў нямецкую.

Пра ваеннае ліхалецце Т. П. Кучар ведае з расказаў таты і бабулі. У вайну яе бацька быў сувязным у партызан. Бабуля асабіста ведала Пятра Машэрава. Аднойчы ён дапамог ёй уратавацца ад немцаў, а ў пасляваенныя гады завітаў праведаць, калі прыязджаў у службовую камандзіроўку на Пастаўшчыну. Ды і потым перадаваў прэзенты, дапамагаў. Нягледзячы на высокую кіруючую пасаду Машэрава, жанчына звярталася да яго проста: «Пётрачка».

Успамінала Таццяна Пятроўна і пра лёс членаў сваёй сям'і, жыцці якіх адняла ці пакалечыла вайна. У прыватнасці, яе дзядзька загінуў на фронце ў Славеніі, цётка, сувязная партызан, — на радзіме. Другую з дзецьмі вывезлі ў Германію ў працоўны лагер Рудаў пад Берлінам. Там яе пяцігадовая дачка захварэла на адзёр, і фашысты спалілі яе жыўцом, каб у лагеры не распаўсюдж­валася інфекцыя. З чужбіны жанчына вярнулася з двума дзецьмі, а ў 1946-м памерла ад туберкулёзу. Малых хацелі забраць да сябе родныя, але ім іх не аддалі — адправілі ў дзіцячыя дамы.

І на брацкіх магілах ставяць крыжы

А вось яшчэ адзін цікавы факт, які паведаміла Таццяна Кучар. Падчас Вялікай Айчыннай вайны сын-франтавік знайшоў у Сіўцах месца пахавання свайго бацькі, які загінуў у Першую сусветную. Тады на гэтым месцы была каплічка з дошкай, на якой значыліся прозвішчы і імёны 39 пахаваных тут воінаў. Мужчына папрасіў мясцовых жыхароў паставіць у гэтым месцы крыж. Яго ў сваёй кузні зрабіў пастаўскі яўрэй Лэйба. Крыж і зараз знаходзіцца побач з магілай.
Месцы пахаванняў салдат дзвюх войнаў па ўласнай ініцыятыве даглядалі мясцовыя жыхары. Некаторыя прыходзілі сюды пакланіцца, нібы на магілу сваіх родных. У іх ліку бабуля Таццяны Кучар Марыля, Арсеній і Наталля Гуль, сын якіх прапаў без вестак.   

Будзе дапоўнена

1 верасня споўнілася 80 гадоў з пачатку Другой сусветнай вайны. Што для гісторыі гэты адрэзак часу? Імгненне. Яшчэ і сёння ідуць пошукавыя работы: знаходзяцца пахаванні, устанаўліваюцца імёны загінулых. Па расказах Таццяны Пятроўны, у Сіўцах не зусім дакладна ўстаноўлены межы пахаванняў чырвонаармейцаў. Ліквідаваць гэты недахоп для яе — справа гонару. Пра гэта прасіла яе бабуля. 

Тое, што ў сіўцаўскую зямлю палегла шмат воінаў і межы пахаванняў канчаткова не вызначаны, пацвярджаюць і музейныя супрацоўнікі. І не толькі словамі: сёлета яны падалі інфармацыйны ліст ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ён прыняты. Чакаецца, што ў наступным годзе тут будзе працаваць 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, які і дапаможа расставіць усе кропкі над «і».

Тэкст і фота Веранікі Філановіч, газета “Пастаўскі край”

Интернет-ресурсы