Мост паміж мінулым і будучым | Новости района | | Поставский район | Поставы | Новости Постав | Новости Поставского района | Поставский райисполком

Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: postavisp@vitebsk.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Ночная набережная Поставы ночью Дворец Тызенгауза Набережная
Храм Постав
Храм Постав
Ночная набережная
Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Набережная
Главная / Новости / Новости района
16 мая 2018

Мост паміж мінулым і будучым

Што маюць агульнае французскі горад Вердэн і наша Пастаўшчына? Памяць пра Першую сусветную вайну, яе герояў і ахвяр, самыя кровапралітныя баі якой праходзілі і на адной, і на другой тэрыторыях. У мінулым месяцы дэлегацыя нашага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Юрыем Кісялёвым пабывала з візітам у Вердэне. Я папрасіла яго падзяліцца ўражаннямі ад паездкі.

Скажыце, калі ласка, як стаў магчымым такі візіт?

— Летась Паставы наведала першы саветнік па супрацоўніцтве і культуры Пасольства Францыі ў Беларусі Эльза Піньёль. Яе прымаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чэпік. На сустрэчу былі запрошаны валанцёры. Эльза Пеньёль пабывала на месцах пахаванняў воінаў Расійскай імператарскай арміі, а таксама азнаёмілася з музейнай экспазіцыяй, прысвечанай Першай сусветнай вайне. Станоўча ацаніўшы работу, якая праводзіцца на Пастаўшчыне па гэтай тэме, прапанавала наладзіць дзелавыя кантакты з французскім бокам, у прыватнасці з Вердэнскім дзяржаўным мемарыялам, які вель­мі актыўна займаецца ўвекавечаннем тых трагічных падзей і памяці загінулых з боку як французскай, так і нямецкай армій. Мы адправілі адпаведную заяўку ў праграму Еўрапейскага Саюза «Мост», якая накіравана на ўсталяванне паміж краінамі культурных, эканамічных, гумані­тарных і іншых кантактаў, і яна была задаволена.

Хто, акрамя вас, уваходзіў у склад дэлегацыі раёна?

— Вядомы тэлежурналіст АНТ, гісторык, даследчык, аўтар кніг Вячаслаў Бандарэнка, валанцёр Андрэй Мацур і дырэктар раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. Асобна хачу падзякаваць Вячаславу Бандарэнку за яго вялікую работу па даследаванні гісторыі Першай сусветнай вайны і неацэнную дапамогу ў гэтым напрамку нашаму раёну. Дарэчы, менавіта ён вывеў нас на кантакты з Пасольствам Францыі ў Беларусі. А які вялікі ўклад уносіў і ўносіць у гэту справу пастаўскі індывідуальны прадпрымальнік, таленавіты фатограф, валанцёр Андрэй Мацур! Захоплены тэмай увекавечання памяці загінулых падчас вайны, ён прыцягнуў да пошукавай работы аднадумцаў-валанцёраў. Пры падтрымцы старшынь сельскіх Саветаў яны праводзяць маштабную работу па пошуку забытых пахаванняў, вайсковых могілак і іх добраўпарадкаванні. Як вынік, эфектыўнасць пошукавай работы аказалася вельмі высокай. Знойдзена і добраўпарадкавана некалькі няўлічаных воінскіх пахаванняў, устаноўлены памятныя знакі, паклонныя крыжы. Вялікая навукова-даследчая работа праводзіцца і Пастаўскім раённым краязнаўчым музеем. Тут адкрыта тэматычная дзеючая экспазіцыя. А ў 2016 годзе яго намаганнямі ў Паставах адбылася маштабная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю Нарацкай аперацыі.

— Чаму месцам візіту стаў Вердэн?

— Французскі бок цікавяць падзеі Нарацкай наступальнай аперацыі, якая праходзіла на тэрыторыі нашага і Мядзельскага раёнаў. У сакавіку 1916 года, у перыяд самых жорсткіх баёў пад Вердэнам, урад Францыі звярнуўся да Расіі з просьбай арганізаваць наступленне на ўсходнім фронце, і Руская імператарская армія, выконваючы свой саюзніцкі абавязак, у вельмі складаных умовах надвор’я, без адпаведнай падрыхтоўкі пайшла ў наступленне. У гэтай, Нарацкай, аперацыі яна панесла каласальныя страты. Шмат палягло і немцаў. Такой непамерна высокай цаной была адцягнута частка нямецкіх сіл ад наступлення на Вердэн, ад якога заставалася ўсяго 200 кіламетраў да французскай сталіцы.

Раскажыце, калі ласка, што пабачылі ў Францыі і якія вашы ўражанні?

— Наша дэлегацыя наведала дзяржаўны мемарыял «Вердэн», музей «Цытадэль Вердэн», вайсковыя могілкі, мемарыял «Дуамонскі асуарый», у якім пакояцца дзясяткі тысяч загінулых падчас жудасных баёў пад Вердэнам. Менавіта ў ім запальваюць Вечны агонь, які сімвалізуе і трагізм, і памяць, і прымірэнне, прэзідэнт Францыі і канцлер Германіі. Падчас дзелавой гутаркі ў мэрыі абмеркавалі сучасныя тэндэнцыі і агульныя падыходы ў пытаннях увекавечання памяці ахвяр войнаў і ўмацавання міру і ўзаемаразумення паміж народамі. Мы расказалі пра Нарацкую аперацыю, экспазіцыі нашага музея, прадставілі аўдыёвізуальныя матэрыялы па Першай сусветнай вайне на тэрыторыі Беларусі і Пастаўскага раёна ў прыватнасці. Андрэй Мацур прадставіў прэзентацыю сваіх фотавыстаў, прысвечаных падзеям той вайны і валанцёрскаму руху на Пастаўшчыне, добраўпарадкаванню воінскіх пахаванняў, якая выклікала ў французаў вялікую цікавасць. Атрымана вусная дамоўленасць аб прадаўжэнні супрацоўніцтва, візіце французскага боку ў Паставы, арганізацыі сумеснай фотавыставы «Паставы—Вердэн», абмеркавана магчымасць удзелу беларускіх ваенных рэканструктараў у мерапрыемствах, што будуць праводзіцца сёлетняй восенню ў Вердэне з нагоды 100-годдзя заканчэння вайны.

Вельмі ўразіла вялікая работа органаў улады, музейных устаноў, грамадскіх арганізацый па ўвекавечанні памяці загінулых, фарміраванні светапогляду, накіраванага на непрыняцце войн і ўзброеных канфліктаў.

Была ў нас магчымасць пабачыць і сталіцу Францыі, ад якой засталіся добрыя ўражанні.

— Але вернемся на Пастаўшчыну. Што ў далейшых планах раённай улады і валанцёраў па тэме Першай сусветнай вайны? 

— Будзе працягнута як навуковая, так і практычная работа. У гэтым месяцы ў раён у другі раз прыехаў 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, які да 31 кастрычніка будзе праводзіць пошукавыя работы на тэрыторыях ля вёсак Чашкоўшчына, Манькавічы, Дукі, Мажэйкі — у месцах магчымых пахаванняў ваеннаслужачых, загінулых у гады Першай сусветнай вайны. Плануецца правесці работы па стварэнні інтэрактыўнага музея пад адкрытым небам у раёне вёскі Дукі, дзе праходзілі крова­пралітныя баі. Тут захаваліся доты. Плануем абуладкаваць іх элементамі ваеннага быту, а таксама аднавіць фрагмент нямецкага акопа, расставіць стэнды і размясціць на іх унікальныя матэрыялы, якія раней не публікаваліся, ваенныя карты і фота­здымкі з ваенных альбомаў — як рускіх, так і нямецкіх.

Будзе папаўняцца экспазіцыя раённага краязнаўчага музея, у тым ліку матэрыяламі з Вердэна. Ваенна-гістарычны турызм зараз набывае ўсё большую папулярнасць.

Уся работа, якая праводзіцца па ўвекавечанні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, накіравана на тое, каб новыя пакаленні памяталі пра трагічныя падзеі і атрымлівалі з іх урокі, на прапаганду міру, узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж краінамі.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА,
газета “Пастаўскі край”