Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Поставы ночью Храм Постав Ночная набережная Дворец Тызенгауза
Набережная
Набережная
Поставы ночью
Храм Постав
Ночная набережная
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
13 марта 2019

Мая сям’я – мая дзяржава

У апошні дзень лютага ў раённым Доме культуры прайшоў раённы этап конкурсу “Найлепшая мнагадзетная сям’я Пастаўшчыны”. На сцэну разам са сваімі дзецьмі выйшлі пастаўчане Андрэй і Ганна Жук, Аляксандр і Наталля Пятровіч, Сяргей і Вольга Радчанка, Аляксандр і Юлія Трафімавы, а таксама Анатолій і Таццяна Гузновы з Кураполля. Кожнай сям’і па выніках конкурсу быў прысуджаны адпаведны тытул.

Найлепшыя
Найбольшае шчасце для сям’і Пятровіч, калі яны збіраюцца разам. Наталля — кантралёр-касір ТАА «ЗахадХімСэрвіс», Аляксандр — дальнабойшчык. Да яго прыезду з рэйса пякуцца пірагі. Усе разам садзяцца за вялікі стол, дзеляцца навінамі. А іх заўсёды бывае шмат. Сыны адзінаццаці­класнік Арцём і дзевяцікласнік Дзяніс, дачушка-першакласніца Лера (вучацца ў СШ №2) захапляюцца маляваннем і спортам, дапамагаюць маме. Разам падарожнічаюць. Любімы занятак гаспадара — рыбалка. А яшчэ апрацоўка дрэва. І Аляксандр, і Наталля вельмі цёпла гаварылі пра сваю малую радзіму — Варапаева і Савічы, бацькоўскі дом. Гісторыю стварэння сям’і прадставілі ў выглядзе танца, а пра жыццё расказалі ў імправізаванай тэлеперадачы «Мая сям’я — мая краіна».
Змяняліся фотаздымкі на праектары, мільгалі шчаслівыя імгненні сямейнага жыцця, якое будуецца на ўзаемапавазе, каханні, даверы. І на сцэне Пятровічы даказалі, што яны — найлепшыя.

Дружныя
Дзе пануюць дабрыня, дружба, агульныя клопаты і радасці, планы і традыцыі, там нараджаецца шчасце. Сям’я Гузновых з Кураполля куе яго сваімі рукамі. Таццяна — повар Курапольскай яслі-сад-школы, Анатолій — вадзіцель адкрытага акцыянернага таварыства «Кураполле-агра».
Дзеці — сэнс іх жыцця, тыя светлыя праменьчыкі, што саграваюць душу, даюць надзею на насычаную яркімі падзеямі будучыню. Бацькі гавораць з малымі на мове любові, ствараюць ім спрыяльныя ўмовы для раскрыцця талентаў. Радуе поспехамі ў вучобе, спорце, мастацкай самадзейнасці першакласніца На­дзея. З яе бярэ прыклад пяцігадовая Ксюша. Усе атуляюць ласкай двухгадовага Рамана.
— Гадаваць дзяцей, несумненна, справа нялёгкая, — гаварыла Таццяна. — Але ўсе цяжкасці і складанасці з лішкам кампенсуюцца той любоўю, якую дораць малышы. Іх пяшчотныя абдымкі і пацалункі даюць сілы жыць і бачыць вакол прыгажосць.

Творчыя
Якому мужчыну не хочацца мець сына? А ў Сяргея Радчанкі іх трое: сямі­класнік Мікіта, трэцякласнік Ілья (вучацца ў СШ №1) і Максімка, якому толькі споўніўся годзік. Выхаванне хлопчыкаў у адрозненне ад дзяўчынак патрабуе большай строгасці, патрабавальнасці. Сяргей працуе станочнікам у Вытворча-мэблевым цэнтры, Оля па адукацыі выхавальнік. Яе месцам работы да нараджэння Максімкі быў дзіцячы сад №5.
Спраў у маладой мамы безліч: прыбраць, памыць, прыгатаваць. Колькі трэба вытрымкі, самаадданасці, душэўнай цеплыні для кожнага члена сям’і! Але для Олі клапаціцца пра родных — шчасце. Першым памочнікам у хатніх справах, несумненна, з’яўляецца муж, які ва ўсім падтрымлівае. І старэйшыя хлопцы не цураюцца ніякай работы.
Сям’я творча падышла да конкурсу. Дрэвам радаводу выбралі яблыню, журы пачаставалі яблыкамі. На прэзентацыю актыўнай жыццёвай пазіцыі падрыхтавалі праект «Мы — шчаслі­вая сям’я» і выйшлі ў аднолькавых майках з такім жа надпісам. Гісторыю кахання Оля і Сяргей расказалі ў песні, якую самі выканалі.

Крэатыўныя
Трафімавы пераканалі гледачоў у тым, што іх жыццё — казка, аўтарамі якой з’яўляюцца самі. І расказалі пра Цара, Царыцу і Прынцэс. Самай маленькай з іх, Насці, усяго два гадкі, Каці — адзінаццаць, Ксюшы — шэсць.
Магіляўчанка Юлія па волі лёсу стала пастаўчанкай. Закончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, працуе галоўным эканамістам упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама. Мудрасць, цярплівасць, уменне выслухаць і даць слушную параду вызначаюць жанчыну.
У Аляксандра таксама дыплом гэтай навучальнай установы, а яго месца работы — малочны завод. Каця і Ксюша вучацца ў СШ №5, наведваюць шматлікія гурткі. На конкурсе яны крэатыўна выканалі сучасны танец. І нават двухгадовая Насця была задзейнічана.
Трафімавы выбралі патрыятычную накіраванасць для прэзентацыі праекта «Мая сям’я — мая дзяржава». Яны гаварылі пра любоў да родных мясцін, Беларусі, прадэманстравалі сваю грамадзянскую пазіцыю.

Захавальнікі сямейных традыцый
— Прэзідэнт нашай сямейнай дзяржавы — Андрэй, — так Ганна Жук пачала прадстаўляць сваю сям’ю. — А яе залаты фонд — дзеці. Іх у нас пяцёра, чацвёра — вучні СШ №3.
Дзесяцікласніца Каця марыць стаць дызайнерам, дзевяці­класнік Саша захапляецца футболам, чацвёртакласніца Насця — плаваннем, яна пераможца шматлікіх спаборніцтваў, друга­класніца Маргарыта любіць танцаваць, Крысцінка (дзяўчынцы ў гэты дзень споўнілася шэсць гадоў) займаецца ў цыркавой студыі.
Сям’я шмат падарожнічае. Былы Савецкі Саюз аб’ехалі да Урала. Адпачываюць і за мяжой. Але найлепш адчуваюць сябе дома.  У Гаўрылавічах, дзе жылі Аніны бабуля з дзядулем, яны пабудавалі прасторны дом, там і праводзяць усё лета. Нават гаспадарку трымаюць.
Жукі вельмі цікава расказвалі пра свой радавод, традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Прабабуля і прадзядуля Ані жылі ў Дунілавічах. У іх быў свой рэстаран. Унікальны більярдны стол гэтай сям’і, гульня на якім суправаджаецца музыкай, цяпер захоўваецца ў музеі пры мосарскім касцёле.
Андрэй цёпла і з любоўю гаварыў пра жонку — цудоўную гаспадыню, майстрыху на ўсе рукі, захавальніцу сямейнага ачага. Цяжка паверыць, што гэта прыгожая, абаяльная і мілавідная жанчына — маці пецярых дзяцей. За іх выхаванне Аня ўдастоена ордэна Маці. Але найвышэйшая ўзнагарода для яе — здаровыя дачушкі і сынок, каханне і згода ў сям’і.
Бацькі ўсе найлепшыя якасці, сваё майстэрства імкнуцца перадаваць дзецям. Стараюцца ўсё рабіць разам: старэйшыя дапамагаюць малодшым, разам садзяць агарод, прыбіраюць у доме, даглядаюць хатнюю гаспадарку, гатуюць нешта смачнае, весела праводзяць святы.

Замест эпілога
Рыхтаваліся да конкурсу Сяргей і Таццяна Мішута з Валкоў, але па прычыне хваробы не змаглі паўдзельнічаць. З іх сям’ёй была магчымасць пазнаёміцца з дапамогай відэафільма, у якім яны расказалі пра свой дом, захапленні, дзяцей. Іх у сям’і трое — сямі­класніца Валерыя і чацвёртакласнікі-двайняты Верані­ка і Уладзіслаў. Сяргей працуе механізатарам у Валкоўскім лясніцтве, Таццяна — прадаўцом у мясцовым магазіне. Вельмі хораша гаварыла пра Мішутаў старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Баторы.
Журы ў складзе начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі Седзюкевіч, дырэктара ТЦСАН Дзіяны Пякарскай, першага сакратара РК «БРСМ» Веранікі Казлоўскай, старшыняў раённых арганізацый «Беларускага саюза жанчын» Марыны Нагановіч і «Белай Русі» Валянціны Ромель было складана выбраць найлепшую сям’ю Пастаўшчыны.
— Правядзенне конкурсу ў нашым раёне стала добрай традыцыяй, — гаварыла на падвядзенні вынікаў Наталля Седзюкевіч. — Падчас яго дэманструецца станоўчы вопыт сямейнага выхавання, ён садзейнічае павышэнню прэстыжу і аўтарытэту мнагадзетнай сям’і. Глядзела на радасных дзяцей, клапатлівых бацькоў — і разумела, што колькасць дзяцей у сям’і прапарцыянальная ўзроўню шчасця. Дастойных мнагадзетных ­сем’яў у раёне шмат. Але не кожная рашыцца выйсці на сцэну і адкрыта расказаць пра свае пачуцці, захапленні, сакрэты сямейнага жыцця, выступіць адной камандай. Сёння мы пазнаёміліся з паспяховымі мамамі і татамі, іх яркімі, таленавітымі дзецьмі, якія паказалі на сцэне свае творчыя здольнасці. Шэсць сямей. Кожная па-свойму адметная, непаўторная. І ўсе такія падобныя адна да адной у любові да дзяцей. Параіўшыся, кожнай прысудзілі адпаведны тытул. А Пятровічы будуць абараняць гонар Пастаўшчыны на абласным этапе конкурсу.
Удзельнікі атрымалі падарункі ад пярвічных прафсаюзных арганізацый тых калектываў, у якіх працуюць. Сям’я Пятровіч — ад раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюза жанчын», Жукі — ад «Белай Русі», а ўсе дзеці — ад прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. 
Тэкст і фота Анны Анiшкевіч, газета «Пастаўскі край»

Интернет-ресурсы