Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: postavisp@vitebsk.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Ночная набережная Поставы ночью Дворец Тызенгауза Набережная
Храм Постав
Храм Постав
Ночная набережная
Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Набережная
Главная / Новости / Новости района
10 октября 2018

Конкурс «Мастера деревни». Кто стал победителем в этом году?


Душэўна, творча, азартна прайшоў адкрыты конкурс «Майстры вёскі».
Конкурс праводзіўся 7 кастрычніка ў Цэнтры культуры аграгарадка Навасёлкі і выпрабоўваў на трываласць, творчасць і пазітыў 5 сямейных пар.

Паназіраць за спаборніцтвамі сабраліся родныя канкурсантаў, аднавяскоўцы, члены журы, а таксама ганаровыя госці з ліку кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў замежных дэлегацый. Гэта старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні Рэзекненскай краявой думы Эльвіра Пізане, член праўлення таварыства адукацыі і адпачынку «Азалайне» Айварс Бухарынс, уладальнік сялянскай гаспадаркі на тэрыторыі Сілмалскай воласці Эдгарс Нізінс (Латвія), намеснік мэра Купішскага раёна Аўрымас Марцінка, намес­нік загадчыка аддзела культуры, асветы і спорту Купішскага самакіравання Вітаўтас Кнізікявічус (Літва).

— Конкурс «Майстры вёскі» ў раёне ладзіцца ў сёмы раз. Стартаваў ён у Навасёлках, затым эстафету перанялі іншыя населеныя пункты. І вось у гэтым годзе свята зноў вярнулася туды, дзе прайшло ўпершыню, — гаварыў падчас прывітання намеснік старшыні райвыканкама, старшыня журы Юрый Кісялёў. — Цікава вось што: у якой глядзельнай зале ні адбываўся б конкурс, кожная з іх напаўняецца пазітыўнай энер­гіяй, якую літаральна ­выпраменьваюць сем’і-ўдзель­ніцы. Радуе і тое, што канкурсанты заўжды пераканаўча дэманструюць: і ў вёсцы можна весці цікавае і насычанае жыц­цё, гадаваць дзетак, радавацца.

Своеасаблівы «абярэг» конкурсу — гліняны чайнік. Яго вылепілі ўсе ўдзельнікі першых «Майстроў вёскі» ў аграсядзібе Сяргея Шчэрбы «Акарына». Ён сімвалізуе сямейнае цяпло і ўтульнасць, гасціннасць гаспадароў. Гэты талісман Юрый Мікалаевіч перадаў старшыні Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанціну Мядзведзеву.

Затым пад гучныя апладысменты на сцэну запрасілі галоўных герояў свята. Лынтупскі сельсавет прадстаўлялі Вячаслаў і Таццяна Янкун з сынамі Паўлам, Яраславам і дачушкай Ксеніяй. Галава сям’і — ваеннаслужачы, яго жонка зараз знаходзіцца ў водпуску па догля­дзе дзіцяці. Гонар Кураполля абаранялі Андрэй і На­дзея Собаль. Ён працуе ўкладчыкам у лясгасе, яна — сартавальніцай на ПМЦ. Выступаць бацькам дапамагалі Ева і Соф’я. З Варапаева прыехалі Іван і Надзея Ладукас разам з сынам Уладзіславам. Самага маленькага члена сям’і — шасцімесячнага Ягора — давялося пакінуць дома. Іван працуе ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці, Надзея — у філіяле «Каапнарыхтпрамгандаль Пастаўскага райспажыўтаварыства». За Навасёлкаўскі сельсавет выступалі Уладзіслаў і Кацярына Шаршнёвы са старэйшай дачкой Маяй. Ён — галоўны аграном ААТ «Навасёлкі-Лучай», яго жонка пакуль у водпуску па доглядзе чатырохмесячнай Міланы (удзел у конкурсе дзяўчынка таксама не прымала). З васьмімесячным Адрыансам прыехала з Латвіі сям’я Малькевічс.  Марэкс — праекці­роўшчык дарог, яго жонка Вікторыя — студэнтка магістратуры Рэзекненскай тэхналагічнай вышэйшай школы.

Больш падрабязна пра свае сем’і, захапленні і традыцыі, якасці дамачадцаў і сумесныя заняткі ўдзельнікі расказалі падчас конкурсу візітак «Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я». Прэзентацыі атрымаліся кранальнымі і жанрава разнастайнымі: песенныя, танцавальныя, вершаваныя, тэатралізаваныя. А аб’ядноўвала іх агульная думка: кожнай сям’і неверагодна пашчасціла быць адным цэлым, любіць, клапаціцца, давяраць адно аднаму, жыць у маляўнічай мясцовасці.

Прадоўжылася знаёмства з удзельнікамі каля сталоў-выстаў, якія яны аформілі для конкурсаў «Нашы дасягненні» і «Фірменная страва». Тут панавалі кветкі, вырабы з дрэва і бісеру, роспіс па кераміцы, уласнаручна сшытая дзіцячая пасцельная бялізна, садавіна і агародніна, хатнія нарыхтоўкі, разнастайныя прысмакі, фотаздымкі. Адным словам, усё тое, што найбольш поўна адлюстроўвае хобі сем’яў, іх паўсядзённыя клопаты і выбар у ежы. Найбольш творча і пераканаўча гэта ўдалося зрабіць Марэксу і Вікторыі Малькевічс. Іх прэзентацыя так і «дыхала» даўніной: жаночыя ўпрыгажэнні і настольныя гульні мінулых часоў, баявая сякера, лук з ясеню, вырабы ткацтва, а таксама латгальскія нацыянальныя касцюмы ХІІ стагоддзя, у якія былі апранутыя, зроблены рукамі сямейнай пары. Абое захапляюцца гісторыяй, удзельнічаюць у рыцар­скіх турнірах, рэканструкцыях баёў, нават здымаліся ў дакументальна-гістарычным фільме «Плямёны балтаў. Апошнія языч­нікі Еўропы». Не саступілі гасцям з Латвіі ў каларытнасці афармлення прэзентацыі і Андрэй і Надзея Собаль, якія сваёй «фішкай» зрабілі захапленне галавы сям’і — рыбалку. Разбілі палатку, расклалі імправізаванае вогнішча, накрылі «рыбны» стол. Сушаная, вэнджаная, запечаная рыба, бутэрброды з ікрой, юшка… Нават не бяруся пералічыць усё багацце страў, а іх неверагодны смак — тым больш.

Самым дынамічным, азартным і захапляльным атрымаўся конкурс «Сельская спартыўная эстафета», які праходзіў на свежым паветры. Прадэманстраваць спрыт і сілу мужчынам прапаноўвалася ў двух этапах спаборніцтва. Для гэтага ім неабходна было як мага хутчэй перанесці на пэўную адлегласць чатыры мяшкі бульбы, а таксама якасна пашчапаць калодкі на дровы, акуратна скласці іх. Няпростае выпрабаванне чакала і жанчын. Ад іх патрабавалася за адведзены час перанесці вядром як мага больш вады з поўнай бочкі ў пустую. А вось наколькі якасна і зладжана муж з жонкай умеюць чысціць агародніну, яны дэманстравалі падчас «Кухонных забаў».

Заключным этапам   праграмы стала заданне намаляваць сямейны аўтапартрэт і «інтэр’еры» малой радзімы. З ім усе справіліся на «выдатна». А пакуль журы падводзіла вынікі, святочнай канцэртнай праграмай гледачоў парадавалі ўдзельнікі народнага ансамбля беларускай песні «Маладзіца» і вучні Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Месцы размеркаваліся наступным чынам. Чацвёртае раздзялілі паміж сабой сем’і Янкун і Ладукас, на трэцім — Шаршнёвы, на другім — Малькевічс. Пераможцай конкурсу прызнана сям’я Собаль.

— Мы добрасумленна рыхтаваліся, шмат рэпеціравалі. І ў той жа час вельмі хваляваліся: ці зможам трымаць марку, якую задалі курапольцы на конкурсе летась і пазалетась? І неверагодна ўзрадаваны, што ў нас атрымалася не падвесці і здабыць для свайго сельсавета трэцюю запар перамогу, — дзяліліся эмоцыямі Андрэй і Надзея.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы і падзякі, каштоўныя падарункі і прызы. А паклапаціліся пра гэта аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ААТ «Навасёлкі-Лучай», райкам БРСМ, раённыя арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, РГА «Белая Русь», ГА «Беларускі саюз жанчын», раённае аб’яднанне праф­саюзаў, Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна, ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», а таксама райгазета «Пастаўскі край», якая ўручыла спецыяльны прыз сям’і Шаршнёвых.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ, газета «Пастаўскі край»
Фота аўтара і Сяргея ВШЫЎКАВА

Интернет-ресурсы