Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Дворец Тызенгауза Поставы ночью Набережная Ночная набережная Храм Постав
Дворец Тызенгауза
Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Набережная
Ночная набережная
Храм Постав
Главная / Новости / Новости района
20 сентября 2016

Камаі людзьмі славяцца

Апошнюю нядзелю жніўня камайцы чакаюць з асаблівым нецярпеннем. Прычына? Свята вёскі, якое стала традыцыйным. Вось і сёлета пасля ўрачыстай Імшы ў гонар Маці Божай Чанстахоўскай у мясцовым касцёле вяскоўцы і госці сабраліся на цэнтральнай пло¬шчы. Нязменныя вядучыя Алена Карыцька і Юрый Плюта цёпла прывіталі прысутных і коратка нагадалі гісторыю вёскі, успомнілі тых, хто загінуў падчас войнаў. Памяць пра іх ушанавалі хвілінай маўчання.

Жыццё не стаіць на месцы, мяняюцца пакаленні. У Камаях жыве нямала старажылаў. Ніне Канстанцінаўне Януш, Уладзіміру Аляксандравічу Каркозу, Вераніцы Уладзіміраўне Грэська, Ганне Уладзіміраўне Янковіч, Вандзе Ігнацьеўне Копач, Яніне Іосіфаўне Навумчык, Адальфіне Станіславаўне Субач, Ніне Андрэеўне Марчанкавай, Ірэне Казіміраўне Грыбоўскай больш чым па 90 гадоў. А менавіта ў дзень свята вёскі адзначала 75-годдзе з дня нараджэння Яніна Пятроўна Кулеш. З гэтай датай яе шчыра павіншавалі пробашч камайскага касцёла Яцэк Хутман, сяброўкі, родныя, аднавяскоўцы. Яніна Пятроўна ў свой час працавала фельчарам участковай бальніцы, спяшалася на выклік у любы час сутак. Сапраўдны прафесіянал сваёй справы, яна і цяпер многім дапамагае, кансультуе.

Поўняцца вясковыя вуліцы і дзіцячымі галасамі. Садок наведваюць 55 дзяцей, у сярэдняй школе вучацца 160 чалавек. А самай маленькай жыхаркай Камай з'яўляецца Ева Пяткевіч, якая нарадзілася ў ліпені гэтага года. На свяце ўшанавалі яе бацькоў — Сяргея і Іну. Магчыма, у будучым хтосьці з сённяшняга маладога пакалення камайцаў стане вядомым, праславіць малую радзіму так, як гэта зрабілі ў свой час мастак Альфрэд Ромер, кампазітар Браніслаў Руткоўскі і іншыя.

На свяце прысутнічаў Генеральны консул Польшчы Марэк Пэндэх.

— Ганаруся, што на Камайшчыне жылі мае дзядуля і бабуля, тут нарадзі¬лася мама, — гаварыў пан Марэк. — Рады быць сярод вас, бачыць вясёлыя твары. Захапляюся вашай адкрытасцю, шчырасцю, любоўю да сваёй зямлі. Радзіма — самае дарагое для чалавека. Лёс раскідаў камайцаў па свеце. Маці Божая Чанстахоўская дапамагла ім цвёрда стаць на ногі ў новых мясцінах, але не змагла развеяць тугу па роднай старонцы. Ведаю гэта па сваіх продках. Дзядуля пастаянна са слязамі ўспамінаў гады жыцця на Камайшчыне, землякоў. Мама заўсёды з нецярпеннем чакае майго прыезду з Беларусі і… духмянага "Нарачанскага" хлеба. Абавязкова раскажу ёй пра свята, сустрэчы з вамі, пра вашы добра¬ўпарадкаваныя панадворкі, дагледжаныя могілкі, прыгожыя вуліцы.

Пра чысціню і парадак у вёсцы дбаюць грамадой. Немалая заслуга ў гэтым мясцовай улады, а таксама ксяндза Яцэка Хутмана, які клапоціцца не толькі пра прыгажосць чалавечай душы, але і ўносіць вялікі ўклад у добраўпарадкаванне.

— Калі я прыехаў у Камаі, у мяне з'явілася шмат задумак, — прызнаўся святар. — Некаторыя тады ў мяне пыталіся: "Хочаце зрабіць як у Польшчы?" А я адказваў: "Яшчэ лепш!" Цяпер прыемна прайсці праз цэнтральны парк, адпачыць на лавачцы, палюбавацца кветкамі. Цікава бавіць час на дзіцячай пляцоўцы малышам. Прыемна, што сярод вяскоўцаў нямала сапраўдных гаспадароў, таленавітых людзей. Сваё майстэрства яны ахвяруюць на карысць іншых. Мяне радуе, што на камайскай зямлі мірна жывуць людзі розных канфесій: праваслаўныя, мусульмане, католікі. Мы і надалей будзем імкнуцца да еднасці і рабіць усё для таго, каб вёска прыгажэла.

На свяце гаспадарам дзясяткаў дамоў старшыня сельскага Савета Г. Ч. Урбанайць уручыў шыльды "Дом узорнага парадку". Сярод іх Марта Вайткевіч, Генрых і Вера Каравацкія, Антон і Тэрэса Вярэнька, Мечыслаў і Яніна Дангель, Валянціна і Юрый Юрэвіч і многія іншыя.

— Вынікі добраўпарадкавання падводзім штогод, — гаварыў старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзій Часлававіч Урбанайць. — Летась такія шыльды атрымалі адны гаспадары, сёлета — іншыя, налета будуць новыя. Слоў пахвалы заслугоўваюць Курціноўскія з вуліцы Гагарына, 3, Руткоўскія з Зялёнай, 5. Па вуліцы Кірава прыцягваюць увагу дамы Валадзько, Бевідэне, сем'¬яў Старадуб, Лапун; па Маладзёжнай — Парневічаў, Сямёнавых, Трубачоў. Сам я нарадзіўся і вырас у Камаях. Люблю сваю радзіму, вяскоўцаў. Удзячны ім за старанне, падтрымку, разуменне.

А працавітых людзей у Камаях нямала. Па прычыне занятасці ў полі, на фермах не ўсе змаглі прысутнічаць на свяце. Але словы падзякі і пашаны былі адрасаваны камбайнерам Мікалаю Махоню і Генадзію Юрэвічу, вадзіцелю Паўлу Кеўлічу, аператарам зернесушыльных комплексаў Анатолію Кундру, Юрыю Вербіловічу, Дзімітрыю Косараву, загадчыкам ферм Івану Мяшкелу, Іне Бондаравай і членам калектываў, якія яны ўзначальваюць.

Спакон веку найвялікшай каштоўнасцю для чалавека лічылася сям'я. Шчырыя словы віншаванняў гучалі ў адрас Тадэвуша Браніслававіча і Марыі Францаўны Курцін, якія адзначылі залатое вяселле; а таксама сярэбраных юбіляраў: Валян-ціна Францавіча і Валянціны Аляксандраўны Пылінскіх, Вячаслава Аляксандравіча і Алены Чаславаўны Лявіцкіх, Анатолія Міхайлавіча і Людмілы Людвікаўны Валадзько.

Таленавітымі самадзейнымі артыстамі славіцца Камайскі сельскі Дом культуры. Яны — неаднаразовыя пераможцы розных конкурсаў. Успомнілі на свяце і тых, хто шмат гадоў адпрацаваў у гэтай сферы, — Жанну Браніславаўну Курцін, Рэгіну Баляславаўну Кудымаву, Аліну Іосіфаўну Каравацкую. Яны і цяпер энергічныя, вясёлыя, не расстаюцца з песняй.

— За сённяшняе свята, і не толькі, хачу падзякаваць работнікам нашага сельскага Дома культуры, — гаварыў Г. Ч. Урбанайць. — Ім удзячны жыхары шматлікіх вёсачак сельсавета, дзе артысты — заўсёды жаданыя госці, ладзяць прыгожыя і змястоўныя сустрэчы. Дзякуй за цікавыя канцэрты, мерапрыемствы. Вы — сапраўдныя майстры сцэны. На сёлетнім Міжнародным фестывалі народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" прайшоў традыцыйны агляд-конкурс сельскіх падворкаў "Пастаўшчына гасцінная". Нашаму сельскаму Савету прысуджана трэцяе месца. І несумненная заслуга ў гэтым культработнікаў. Яны творча і арыгінальна аформілі экспазіцыю, паказалі ўсё самае лепшае, чым багата Камайшчына. У знак удзячнасці прыміце ў падарунак каляровы прынтар.

У Камаях пражывае амаль 800 чалавек. Таму немагчыма было назваць прозвішчы ўсіх, хто таго заслугоўвае. Святочная праграма, якую распрацавала дырэктар сельскага Дома культуры Галіна Ула¬дзіміраўна Бразюль, дала магчымасць ушанаваць жыхароў вёскі ў розных намінацыях. Самадзейныя артысты дарылі прысутным песні і танцы. Для маленькіх удзельнікаў свята была падрыхтавана асобная забаўляльная праграма. Урачыстасць дала магчымасць аднавяскоўцам сабрацца разам, успомніць мінулае і ў чарговы раз пераканацца ў тым, што самы цудоўны куточак на свеце — той, дзе пашанцавала нарадзіцца, расці і жыць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ

Интернет-ресурсы