Каб у жыцці вяршынь дабіцца, трэба спецыяльнасці вучыцца | Новости района | | Поставский район | Поставы | Новости Постав | Новости Поставского района | Поставский райисполком

Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: postavisp@vitebsk.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Поставы ночью Набережная Дворец Тызенгауза Ночная набережная
Храм Постав
Храм Постав
Поставы ночью
Набережная
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Главная / Новости / Новости района
16 мая 2018

Каб у жыцці вяршынь дабіцца, трэба спецыяльнасці вучыцца

Якую прафесію выбраць? Дзе потым прымяніць яе на практыцы? Ці можна паступіць у ВНУ без сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні прагучалі падчас прафарыентацыйнай сустрэчы ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы.

На дзень адчыненых дзвярэй запрасілі выпускнікоў школ раёна і каледжа, а таксама прадстаўнікоў профільных вышэйшых навучальных устаноў. Звяртаючыся да моладзі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Аляксандраўна Шылько нагадала, што сёлета ім неабходна зрабіць лёсавызначальны выбар — выбар прафесіі, і запрасіла атрымаць яе ў Пастаўскім каледжы:

— У гэтым годзе наша навучальная ўстанова традыцыйна будзе рыхтаваць трактарыстаў, зваршчыкаў, вадзіцеляў аўтамабіляў і іншыя. Пасля вялікага перапынку зноў можна набыць прафесію электраманцёра, упершыню прапануем выпускнікам 9-х класаў паступаць на спецыяльнасць “Аўтасэрвіс, аўтамеханік 5-га разраду” з атрыманнем сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усе прафесіі запатрабаваныя на рынку працы. Тыя, хто набудзе ў нашым каледжы сярэднеспецыяльную адукацыю, змогуць паступаць на скарочаны тэрмін навучання ў некаторыя ВНУ, што, да ўсяго, дазволіць значна сэканоміць сямейны бюджэт.

Пастаўскі каледж заснаваны ў 1955 годзе. За гэты час на яго рахунку 25 тысяч выпускнікоў. Многія дасягнулі значных поспехаў у розных галінах гаспадаркі краіны і з’яўляюцца яе гонарам. Акрамя навучальнага працэсу, тут шмат увагі надаецца і ўсебаковаму развіццю навучэнцаў. Каб упэўніцца ў гэтым, увазе прысутных быў прапанаваны відэаролік Вячаслава Бабіча. Работа хлопца прызнана найлепшай на раённым этапе конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі-2018” у намінацыі “Майстар сваёй справы”. Ну а хто лепш за аднагодкаў можа расказаць пра вучобу ў кале­джы? З гэтым паспяхова справілася агітбрыгада ўстановы, якая ў жартоўных сцэнках адлюстравала навучальны працэс, чым сарвала шквал апладысментаў.

Адну з найстарэйшых ВНУ краіны — Віцебскую ордэна “Знак пашаны” дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны — на сустрэчы прадстаўляў загадчык кафедры анатоміі жывёл Аляксей Аляксандравіч Маціновіч. Навучальная ўстанова рыхтуе ветурачоў, заатэхнікаў, зоаінжынераў, правізараў, урачоў ветэрынарна-санітарнай экспертызы. Каб набыць адну з гэтых спецыяльнасцей, абітурыенту неабходна прадставіць у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ па хіміі і біялогіі альбо здаць экзамены па гэтых прадметах непасрэдна ў акадэміі. Беларускую (рускую) мову здаваць не трэба. У склад названай навучальнай установы ўваходзіць аграрны каледж, які знаходзіцца недалёка ад абласнога цэнтра — у пасёлку Лужасна. У ім можна атрымаць спецыяльнасці “Ветфельчар”, “Заатэхнік”, “Аграном”.

Яскравы прыклад таго, што каледж можа стаць першай прыступкай на шляху да прафесійнага росту, — гісторыя Віктара Баляслававіча Лоўкіса. У свой час ён скончыў мясцовае ПТВ, затым атрымаў вышэйшую адукацыю, зараз з’яўляецца дэканам аграмеханічнага факультэта Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Сюды і прапанаваў паступаць выпускнікам нашага раёна. У гэтым універсітэце таксама можна здаваць унутраныя ўступныя экзамены. БАТУ сёння — “кузня” па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для галін аграпрамысловага комплексу краіны. ВНУ ажыццяўляе навучанне на 6-ці факультэтах па 12-ці спецыяльнасцях, у асноўным інжынерных. Тут цудоўная навуковая і спартыўная базы. Іншагароднім студэнтам на ўвесь перыяд навучання прадастаўляецца інтэрнат, што немалаважна. Дарэчы, студгарадок вельмі кампактны і размяшчаецца ў цэнтральнай частцы сталіцы.

Дзе можна аформіць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, паведаміў галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Юльянавіч МАШНІЧ. Для гэтага неабходна звяртацца да кіраўнікоў ці ў аддзел кадраў арганізацый і прадпрыемстваў альбо непасрэдна ва ўпраўленне. Атрымаць кансультацыю можна па тэл.: 4-21-53, 8(033)329-16-34. Бясспрэчны плюс мэтавай падрыхтоўкі ў тым, што яна гарантуе чалавеку першае рабочае месца, а калі гэта прадугледжана дагаворам — то і службовае жыллё. Такім чынам можна атрымаць сярэднеспецыяльную і вышэйшую адукацыю.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ,
газета «Пастаўскі край»