Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Поставы ночью Набережная Храм Постав Ночная набережная Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Поставы ночью
Набережная
Храм Постав
Ночная набережная
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
16 ноября 2017

Каб помнілі забытае. На Пастаўшчыне завяршыў працу пошукавы батальён

11 лістапада ва ўсім свеце адзначаўся Дзень прымірэння. Менавіта ў гэты дзень больш за сто гадоў назад скончылася Першая сусветная вайна. У баях загінула каля 10 мільёнаў чалавек. Дзясяткі тысяч воінаў Рускай імператарскай арміі і варожых салдат назаўжды паляглі на пастаўскай зямлі. Вялікую работу па ўвекавечанні памяці ахвяр Першай сусветнай у нашым раёне паспяхова вядуць актывісты валанцёрскага руху “Заходні рубеж”. За два з паловай гады яго існавання добраўпарадкаваны шэраг пахаванняў. Многае зроблена і сёлета. Галоўнае дасягненне — прыезд у наш раён вайскоўцаў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Пра тое, наколькі плённым аказалася гэта супрацоўніцтва, а таксама пра новыя праекты “Заходняга рубяжа” — у інтэрв’ю з яго лідарам Андрэем МАЦУРАМ.

— Андрэй, раскажы, як удалося прыцягнуць спецыялістаў пошукавага батальёна на Пастаўшчыну?

— Наш валанцёрскі рух не хоча жыць мінулымі дасягненнямі, заўсёды імкнёмся развівацца і рухацца наперад. Супрацоўніцтва з пошукавым батальёнам планавалі даўно, бо толькі ён у Беларусі мае права на пошукавыя работы. Аднак, каб увасобіць задуманае ў жыццё, прыйшлося вельмі пастарацца. Першым крокам стала запаўненне спецыяльных інфармацыйных лістоў па мяркуемых месцах пахаванняў воінаў Рускай імператарскай арміі. На разгляд былі вынесены тры пахаванні: каля вёсак Цёплыя (Курапольскі сельсавет), Навасёлкі (Навасёлкаўскі сельсавет) і ўжо неіснуючай вёскі Малыя Валодзькі Ярэўскага сельсавета. Далей нас чакала нямала ўзгадненняў, дакументальнай работы, у чым дапамаглі супрацоўнікі райвыканкама, раённага краязнаўчага музея. У выніку па нашым запыце ў Паставы прыехаў археолаг батальёна Вадзім Тамілін, які пабываў на месцах пахаванняў і вызначыў аб’ём работ.

Да ведама: 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь створаны ў сакавіку 1995 года. Яго галоўныя задачы — пошук няўлічаных воінскіх пахаванняў і ўстанаўленне імён загінулых абаронцаў Радзімы. Ваеннаслужачымі даследуюцца аб’екты Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, вайны 1812 года. Гэта першая і на працягу многіх гадоў адзіная вайсковая часць на тэрыторыі СНД, якая выконвае такія задачы. У Беларусі аналагаў ёй няма.

Для вядзення пошукавых палявых работ у арсенале спецыялістаў маюцца сучасныя тэхнічныя сродкі. Усяго за час існавання батальёна знойдзены і дастаны з зямлі астанкі дзясяткаў тысяч чалавек, устаноўлены імёны некалькіх тысяч загінулых, абазначаны межы масавых пахаванняў. Выяўлены шматлікія артэфакты тых часоў, якія маюць высокую гістарычную каштоўнасць, — стралковая зброя, медальёны, узнагароды, многія з якіх захоўваюцца ва ўласным музеі на базе вайсковай часці, што дыслацыруецца ў населеным пункце Бароўка Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. За заслугі і неацэнную працу асабовы склад батальёна неаднойчы ўдастойваўся высокіх узнагарод.

— Хто і як доўга гэтыя работы праводзіў?

— З канца верасня па канец кастрычніка бягучага года працавалі 9 салдат пошукавага батальёна пад кіраўніцтвам каман­дзіра ўзвода Дзміт­рыя Лагуценкі. Дапамагалі нашы пастаянныя валанцёры з Пастаў Сяргей Казура, Юрый Сіманька, Аляксей Якаўлеў, Яўген Кухарэўскі, Фёдар Макрак, Дзміт­рый Плешавеня, Дзмітрый Хардыкін.

— Колькі аб’ектаў удалося праверыць?

— Работы вяліся на трох вышэйназваных пахаваннях. Паўтаруся: усе яны заяўляліся менавіта як магчымыя месцы пахаванняў салдат Рускай імператарскай арміі. Дакладна пацвердзілася адно з іх — каля вёскі Цёплыя. Удалося знайсці і дастаць астанкі сямі чалавек. Тое, што яны дакладна з’яўляюцца ахвярамі Першай сусветнай вайны, пацвярджаюць і знойдзеныя падчас раскопак дэталі вайсковай формы — гузік, какарда (адрозны знак на форменным галаўным уборы — аўт.). Астанкі воінаў 16 лістапада будуць перахаваны на гарадскіх могілках у Кашыцах, дзе адведзена спецыяльнае месца для ўшанавання памяці ахвяр той вайны. У планах — усталяваць там памятны знак.

— Якія вынікі работы на іншых аб’ектах?

— Два іншыя пахаванні, на жаль, пакуль не пацвердзіліся. Невялікая глыбіня грунтовых водаў не дазволіла правесці даследаванні ў поўнай меры. Працаваць прыйшлося ў надзвычай складаных умовах — пахаванне ў Малых Валодзьках знаходзіцца ў моцна забалочаным лесе. Вада па калена, зямля мокрая, цяжкая. Нават падступіцца да аб’ектаў было няпроста. Тым не менш салдаты тэрміновай службы працавалі добрасумленна, зацікаўлена, з максімальнай самааддачай, за што ім вялікае дзякуй. Фізічна ўсе вельмі стаміліся. Аднак у маральным плане засталіся задаволенымі.

— Супрацоўніцтва з батальёнам працягнецца?

— Упэўнены, што так. На працягу тыдня ў нашым раёне зноў працаваў археолаг батальёна, разам мы наведалі многія пахаванні. Вызначаны канкрэтны план супрацоўніцтва на наступны год. Мяркуецца правесці даследаванні пахаванняў каля вёсак Чашкоўшчына (Варапаеўскі сельсавет), Манькавічы (Юнькаўскі), Дукі і Мажэйкі (абе­дзве — у Ярэўскім).

— Над якімі аб’ектамі давялося сёлета папрацаваць у плане добраўпарадкавання?

— Нядаўна скончылі работы ў вёсцы Новы Двор (зараз яна не існуе), дзе знаходзіцца нямецкае пахаванне. Яно асабліва моцна пацярпела ад чорных капальнікаў. Разам з валанцёрамі закапалі разрытыя магілы, прыбралі смецце. Дзве з больш чым сарака знойдзеных пліт указваюць на пахаванне рускіх воінаў, таму яго можна смела лічыць інтэрнацыянальным. Наогул, мы ніколі не па­дзяляем загінулых салдат на сваіх і чужых, займаемся добраўпарадкаваннем як рускіх, так і нямецкіх могілак. Наша галоўная задача — ушанаваць памяць ахвяр той страшэннай вайны, пра якую вядома вельмі мала. Літаральна на гэтым тыдні пацвер­дзіўся факт існавання нямецкага пахавання каля возера Вялікае Світа. Шукалі яго па нямецкай паштоўцы 1917 года. На ёй было бачна, што могілкі знахо­дзяцца на ўзвышшы, ля старой бярозы. Нам удалося знайсці пень ад яе і такім чынам выйсці на аб’ект. Пахаванне аказалася часткова раскапаным. Пры даследаванні грунта знайшлі кавалкі разбітых пліт. Гэтыя пліты — не нямецкія, выраблены ў Польшчы, такія мы бачылі ўпершыню. На жаль, хтосьці вельмі пастараўся іх знявечыць. Каму яны перашкаджалі — вялікае пытанне.

— Колькі на Пастаўшчыне пахаванняў Першай сусветнай?

— Ніхто дакладна не скажа, бо ніхто не ведае, колькі таямніц хавае ў сабе зямля. І праз сто гадоў не перастаюць усплываць новыя факты. Нядаўна сябар нашага валанцёрскага руху, супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Андрэй Каркотка, у адной з метрычных кніг знайшоў звесткі пра дагэтуль невядомыя могілкі ў вёсцы Валькі Пастаўскага раёна. Захаваўся нават спіс імёнаў пахаваных там салдат Рускай імператарскай арміі. Дапамагаюць у працы і старэйшыя жыхары вёсак. Я ўдзячны за любую інфармацыю, таму, калі валодаеце ёй, звяжыцеся са мной (8(029)2177373).

— Падзяліся, калі ласка, планамі.

— Збіраюся і надалей паглыбляцца ў тэму Першай сусветнай. Як і раней, шмат увагі надаю рабоце з дакументамі, вывучаю арыгінальныя дзён­нікі, пісьмы, фотаальбомы, даследую артэфакты ў музеях і прыватных калекцыях. Цяпер актыўна працую над выданнем уласнай кнігі “Век забвения. Записи на негативах”, дзе будуць змешчаны некалькі соцень маіх фатаграфій. За пяцігадовы перыяд маіх даследаванняў удалося здзейсніць дзясяткі экспедыцый, праехаць сотні кіламетраў уздоўж лініі фронту па шэрагу раёнаў Беларусі, паўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях і аўтапрабегах. Назбіралася мноства фатаграфій разбураных бліндажоў, закінутых у лясах і балотах могілак. На гэтых здымках — не толькі гісторыя Першай сусветнай вайны на беларускай зямлі, але і справы людзей па захоўванні памяці пра яе.

Разумею, што выданне кнігі — вялікая адказнасць перад чытачом і самім сабой, аднак веру, што задуму ўдасца ўвасобіць у жыццё.

Ад аўтара: Некалькі тыдняў назад на сайце www.ulej.by пачаўся збор сродкаў для выдання вышэйназванай кнігі Андрэя Мацура. Зрабіць унёсак у высакародную справу можа абсалютна кожны. Дадатковая інфармацыя размешчана на старонцы Андрэя Мацура ў сацыяльнай сетцыFacebook: https://www.facebook.com/andrei.matsur. Там жа можна знайсці шмат фатаграфій, відэаматэрыялаў пра работу валанцёраў на аб’ектах Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Пастаўшчыны.

Интернет-ресурсы