Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Дворец Тызенгауза Ночная набережная Поставы ночью Храм Постав
Набережная
Набережная
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Поставы ночью
Храм Постав
25 января 2016

У Паставах адкрылася выстава па выніках пленэру «Палітра Пастаўшчыны»

Першым яркім і маштабным мерапрыемствам, якое адбылося сёлета ў Паставах у рамках Года культуры, стала адкрыццё выставы работ удзельнікаў рэгіянальнага восеньскага пленэру «Палітра Пастаўшчыны» і работ выкладчыкаў школы мастацтваў імя Альфрэда Ромера.

Культурная падзея, якая праходзіла 15 студзеня ў Доме рамёстваў «Стары млын», сабрала шмат прыхільнікаў выяўленчага мастацтва. Адкрыла сустрэчу дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Мікалаеўна Петух. Яна адзначыла, што ў выставачных залах Дома рамёстваў пастаянна экспануецца мноства работ, выкананых у самых разнастайных жанрах і тэхніках, але гэта выстава з’яўляецца асабліва значнай і доўгачаканай. Ідэя яе правядзення ўзнікла падчас святкавання 35-гадовага юбілею школы мастацтваў у канцы кастрычніка мінулага года, і вось задуманае ўвасобілася ў жыццё. Таццяна Мікалаеўна ўручыла падарунак дырэктару школы Жанне Уладзіміраўне Курдо — кнігу «Мастацтва інсітаў», у якой сабраны работы непрафесійных мастакоў Віцебскай вобласці, і перадала ёй слова.

— Наша школа заўсёды праводзіла пленэры летам, але пасля таго, як тры гады назад у раёне прайшоў рэспубліканскі восеньскі пленэр, прысвечаны памяці мастака Альфрэда Ромера, імя якога носіць наша школа, мы, настаўнікі школы, былі настолькі ўражаны каларытам і прыгажосцю работ, што вырашылі змяніць час правядзення замалёвак на прыродзе. Спачатку ў іх удзельнічалі толькі нашы вучні, а да юбілею школы мы ўпершыню правялі рэгі­янальны пленэр, — расказвала Ж. Курдо.

Асаблівую падзяку дырэктар школы мастацтваў выказала аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які падтрымаў ідэю правядзення рэгіянальнага пленэру і дапамог у арганізацыі мерапрыемства. Без іх, лічыць яна, нічога не атрымалася б.
Удзел у пленэры «Палітра Пастаўшчыны», які праходзіў 23 і 24 кастрычніка ў райцэнтры, прынялі навучэнцы Глыбоцкай, Пастаўскай, Полацкай, Шаркаўшчынскай школ мастацтваў і студый выяўленчага мастацтва цэнтра дзяцей і моладзі г. Браслава і г. Паставы. Іх работы і ўпрыгожылі адну з выставачных залаў Дома рамёстваў. Нягледзячы на дажджлівае і ветранае над­вор’е, якое стаяла падчас правядзення пленэру, малюнкі атрымаліся надзвычай яскравымі і душэўнымі. Кожны з іх зачароўвае глыбокай, насычанай святлом і паветрам прасторай, аб’ёмнасцю формаў, цёплым каларытам. Напэўна, нездарма мастакі, як і пісьменнікі, так любяць пару «вачэй зачараванне».

У асобнай зале выстаўлены работы выкладчыкаў школы мастацтваў Іосіфа Канстанцінавіча Атрахімовіча, Марыны Эдуардаўны Баразна, Ніны Віктараўны Бардзеевай, Аляксандра Сяргеевіча Дзеравянкі, Ганны Браніславаўны Дрылінскай, Жанны Ула­дзіміраўны Курдо і Марыны Раманаўны Скіндар, а таксама яе выпускніц: педагога дадатковай адукацыі цэнтра дзяцей і моладзі Таццяны Руткоўскай і выхавальніка дзіцячага садка «Крынічка» Юліі Маісеевай. Гэта нацюрморты, пейзажы, алегарычныя малюнкі і графіка, напісаныя акварэллю, гуашшу, алеем, пастэллю і нават гелевай ручкай. У кожнай адчуваецца не толькі майстэрства, але і творчы почырк мастака.

Апошні раз работы нашых выкладчыкаў выстаўляліся дзесяць гадоў таму ў раённым краязнаўчым музеі. Лічу, што такія выставы неабходны ў першую чаргу нашым вучням, бо ім цікава, на што здольны чалавек, які вучыць іх маляваць. Самі мы ні на што не прэтэндуем: можа, нашы работы і не маюць высокамастацкай каштоўнасці, затое яны напісаныя ад душы, — дзялілася сваім меркаваннем Жанна Уладзіміраўна. — Паколькі на адкрыццё выставы прыйшлі людзі, блізкія да мастацтва, жадаю, каб вы заўсёды знаходзілі час для творчасці, каб ваша дзейнасць цешыла і прыносіла вынік. Няхай ніколі не пакідае натхненне, а фантазія прылятае на лёгкіх крылах.

Сваім уражаннем ад выставы падзялілася з прысутнымі намеснік началь­ніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Францаўна Лойка:

— Мне спадабаліся абсалютна ўсе работы ўдзельнікаў пленэру. Не магу вылучыць найлепшую: яны ўсе напоўнены сонечным святлом, не падобныя адна на адну. А работы выкладчыкаў можна было нават не падпісваць — яны нагадваюць сваіх аўтараў, маюць стылявыя асаблівасці, непаўторную тэхніку. У кожнага з іх ёсць чаму павучыцца.

Сапраўды, усе работы зачароўваюць сваёй прыгажосцю, здзіўляюць разнастайнасцю жанраў і стыляў, рэалістычнасцю падачы, палётам фантазіі аўтараў і філасофскімі назвамі, пашыраюць гарызонты ўспрымання. Абедзве экспазіцыі (а ў іх афармленне ўкладзена вялікая работа і выкладчыкаў мастацкай школы, і супрацоўнікаў Дома рамёстваў) будуць упрыгожваць сцены выставачных залаў Дома рамёстваў да сярэдзіны сакавіка. Абавязкова пабачце выставу — і вы атрымаеце хвіліны радасці.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Интернет-ресурсы