Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама: postavisp@vitebsk.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Набярэжная Паставы ноччу Начная набярэжная Палац Тызенгаўза Храм Паставаў
Набярэжная
Набярэжная
Паставы ноччу
Начная набярэжная
Палац Тызенгаўза
Храм Паставаў
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
14 кастрычніка 2019

Дружныя, працавітыя, творчыя сем’і ўдзельнічалі ў VIII міжнародным сельскагаспадарчым конкурсе «Майстры вёскі», які прайшоў у аграгарадку Дунілавічы

Гэты праект садзейнічае ўмацаванню сямейных традыцый, папулярызуе працу і жыццё ў сельскай мясцовасці. За прэстыжнае званне найлепшай вясковай сям’і змагаліся Аляксей і Эма Крук з Дунілавіч, Аляксандр і Катажына Апсіт з Хаціл, Дзяніс і Аксана Мядзвецкія з Ляхаўшчыны, Аляксандр і Алена Зубко з Юнек, Марціньш Бабрыс і Саніта Бабрэ з Рэзекненскага краю Латвіі, Павелас Сізонавас і Крысціна Сізонава са Швянчонскага раёна Літвы.

Напачатку прысутных прывіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, намеснік старшыні Рэзекненскай краявой думы Эльвіра Пізане, стараста Швянчоніса Іна Сінэнэ.

Затым пачалося больш блізкае знаёмства з галоўнымі героямі конкурсу. У «Візітнай картцы» сем’і расказвалі пра свае традыцыі, захапленні, віды адпачынку, здольнасці. Госці з Латвіі ўвазе журы і гледачоў прадставілі відэаролік пра сваё жыццё. Усе ўбачылі новы, яшчэ недабудаваны, дом, дагледжаную прыдамавую тэрыторыю. Большасць будаўнічых работ выкананы рукамі Марціньша. Ён займаецца таксама разьбой па дрэве. Саніта смачна гатуе. Разам з дзецьмі Айвісам і Наўрысам цікава адпачываюць на прыродзе.

Павелас Сізонавас і Крысціна Сізонава са Швянчонскага раёна распачалі сваю візітку запальным танцам. Затым Павелас бавіўся з маленькім Міндаўгасам, а Крысціна апавядала пра сям’ю (у іх ёсць яшчэ аднагадовая дачушка Варвара, якую пакінулі дома), расказ дапаўняла здымкамі яркіх момантаў з розных сумесных падзей.

Зубко і Апсіты апрануліся ў беларускія нацыянальныя касцюмы і ў вершаванай форме (Зубко — на беларускай мове) пазнаёмілі прысутных з усімі членамі сям’і (у першай выхоўваюцца Ксенія і Сабіна, у другой — Сяргей і Арсеній), праспявалі песні. Дзяніс, Аксана, Давід і Ульяна Мядзвецкія выйшлі на сцэну з групай падтрымкі, у якую ўвайшлі дзве бабулі і дзядуля. Разам яны выканалі песню.

Сям’ю Крук прадставілі дачушкі Даша і Саша. Увогуле, ва ўсіх сем’ях дзеці былі актыўнымі. На спартыўнай эстафеце, калі мужчыны пераносілі мяшкі з бульбай, побач з Аляксандрам Апсітам стараўся бегчы і малодшы сынок Арсеній. На пляцоўцы перад Домам культуры мужчыны шчапалі на хуткасць дровы, жанчыны пераносілі ваду, разам чысцілі бульбу, буракі, моркву.

Затым удзельнікі запрасілі журы ў фае Дома культуры, дзе на спецыяльных выставах размясцілі фірменныя сямейныя стравы (якіх толькі прысмакаў там ні было!), рэчы, зробленыя сваімі рукамі.  У завяршэнне конкурсу кожнай камандзе далі мальберт. На ім трэба было намаляваць калектыўную карціну, якая б адлюстроўвала сямейныя каштоўнасці і ідэалы.

Конкурсныя заданні былі няпростымі. Але, прызнаюся, найскладаней у той дзень прыйшлося журы, у склад якога ўваходзіла і аўтар гэтых радкоў. На падвядзенні вынікаў разгарэ­ліся сапраўдныя баталіі, бо ўсе сем’і выдатна прадэманстравалі свае творчыя здольнасці, узаемапавагу і ўзаемавыручку, зладжанасць дзеянняў, пачуццё гумару, кемлівасць. Пасля доўгага абмеркавання пераможцай прызналі энергічную, творчую, ініцыятыўную сям’ю Крук з Дунілавіч. Эма працуе начальнікам участка філіяла «Дунілавіцкі свінагадоўчы комплекс», а таксама ўзначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Аляксей — вадзіцель-міжнароднік. Бурныя апладысменты гледачоў пацвердзілі правільнасць выбару журы.

Усе сем’і атрымалі каштоўныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, райгазеты «Пастаўскі край». Таксама ўсім уручылі білеты на кінасеанс у 3D-залу. Канцэртную праграму падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дунілавіцкага Дома культуры і ансамбль народнай музыкі і песні «Заранка» Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Асобная ўдзяч­насць ад арганізатараў конкурсу кіраўнікам ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку і сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Андрэю Сарапененку за спонсарскую дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч, газета “Пастаўскі край”