Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 4-10-45 (тэлефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама:kanz@rikpostavy.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Начная набярэжная Паставы ноччу Храм Паставаў Набярэжная Палац Тызенгаўза
Начная набярэжная
Начная набярэжная
Паставы ноччу
Храм Паставаў
Набярэжная
Палац Тызенгаўза
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
4 лістапада 2019

Даўгалецця табе, «Традыцыя»!

Клубу нацыянальнай кухні, гульні і абраду — 20 гадоў.

З гэтай нагоды ў пятніцу, 18 кастрычніка, у Доме рамёстваў «Стары млын» адбылося святочнае мерапрыемства. На яго былі запрошаны прадстаўнікі раённай улады, ветэраны клуба і проста нераўнадушныя да народнай культуры людзі.

Да пачатку мерапрыемства яшчэ паўгадзіны. У зале, дзе пройдзе ўрачыстасць, — гаманліва і весела. Жанчыны з «Традыцыі» разглядваюць стэнды з фатаграфіямі. На іх, па сутнасці, адлюстравана ўся гісторыя клуба. Яго ўдзельніцы штогод упрыгожвалі фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік», бліскуча выступалі на «Славянскім базары ў Віцебску», радавалі гледачоў на святах вёсак,  зажынках і дажынках, шматлікіх іншых мерапрыемствах.

— У клубе я з дня яго заснавання, — расказвала Галіна Іваноўская з Парыжскага сельскага Дома культуры. — Выдатна памятаю, як 20 гадоў назад мы з нашым толькі што створаным калектывам адправіліся на «Славянскі базар», каб прадставіць вясельны абрад Пастаўшчыны. З творчымі праграмамі паехалі ў Віцебск і ў 2000-м, і ў 2001-м… Хваляванняў было шмат, але яшчэ больш — цікаўнасці. Натхняла тое, што наша праца не засталася незаўважанай, была высока ацэнена і спецыялістамі, і гледачамі. Але важнейшай за любыя дыпломы і ўзнагароды стала атмасфера, якая склалася ў калектыве. Мы, удзельніцы «Традыцыі», працуем у галіне культуры ў самых розных куточках Пастаўшчыны — у Камаях, Гуце, Парыжы… Гэтыя першыя выезды нас вельмі здружылі. І праз гады мы — адна вялікая творчая сям’я.


Урачыстасць распачынаецца. Першай калектыў віншуе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская.

 — 20 гадоў — узрост росквіту, маладосці і прыгажосці, — кажа яна. — Усё гэта ўласціва вашаму аб’яднанню. Вы робіце выключна важную справу — захоўваеце традыцыі нашых продкаў і перадаяце іх маладзейшаму пакаленню. Кожнае ваша свята не толькі вясёлае, запамінальнае, але і «смачнае». Нацыянальнымі стравамі ад «Традыцыі» частуюцца самыя ганаровыя госці фестывалю. І ніхто не застаецца раўнадушным! Маё галоўнае пажаданне клубу — даўгалецця! Няхай ён развіваецца, квітнее, упрыгожвае наша жыццё і надалей.

Пра стварэнне «Традыцыі» расказала адна з найстарэйшых яе ўдзельніц — Людміла Чатовіч.

— Гэта быў подых часу, — распачала свой аповед Людміла Яўгеньеўна. — Клубы нацыянальнай кухні пачалі стварацца ва ўсіх рэгіёнах Віцебшчыны і рэспублікі ў цэлым. «Традыцыя», дзейнасцю якой напачатку кіравала Ксенія Грэська, пайшла далей — пачала адраджаць мясцовыя абрады і гульні. За аснову былі ўзяты этнаграфічныя матэрыялы пра Пастаўшчыну. Мы не толькі частавалі гасцей шматлікіх свят, але і праводзі­лі для іх тэатралізаваныя праграмы. Усе яны ствараліся выключна на аснове народных традыцый. Такая форма работы на Віцебшчыне больш нідзе не практыкавалася.

Ужо ў 2003-м калектыў атрымаў званне народнага. У гэтым жа годзе змяніўся яго кіраўнік — ім стала вялікая знаўца і аматар фальклору, выдатная спявачка народных песень Ганна Балаш. Праз 10 гадоў аб’яднанне ўзначаліла маладая і творчая Вікторыя Курто. Менавіта дзякуючы яе ініцыятыве «Традыцыя» пачала займацца зборам старадаўніх рэцэптаў хлеба і караваяў. Іх у распараджэнні клуба ўжо 12.

Яго дзейнасць шмат у чым унікальная. Пра гэта сведчыць пастаянная ўвага з боку мясцовых, абласных, рэспубліканскіх СМІ. Пра аб’яднанне шматра­зова пісалі, здымалі сюжэты і паўнавартасныя праграмы. У цэнтры ўвагі былі самабытныя праекты «Кола года ў Ліпніках», «На прызбе ў пастаўскага млынара», «Завітайце да нас на Пастаўшчыну» і шматлікія іншыя.

У 2005 годзе пачалося плённае супрацоўніцтва «Традыцыі» з Цэнтрам турысцкіх паслуг і яго кіраўніком Ягорам Шушкевічам. Колькі было сумесна зроблена! Клуб быў актыўна задзейнічаны ў анімацыйных праграмах у ся­дзібе Зюзі Паазерскага ў Азёрках, іншых турыстычных праектах. Дзякуючы гэтаму пра традыцыі нашага краю даведаліся тысячы замежных гасцей.

Клуб і сам неаднойчы выяз­джаў за межы Беларусі. Напрыклад, у 2007 годзе на міжнародным фестывалі ў польскім горадзе Вэграў пастаўчане ўзнавілі вясельны абрад сваіх продкаў. Годам раней пабывалі ў Вроцлаве, дзе расказалі пра калядныя традыцыі нашага рэгіёна. А летась маладыя ўдзельнікі «Традыцыі» на чале з Вольгай Лойкай з’ездзілі ў латвійскі Рэзэкнэ на «Свята смаку». Адтуль пастаўчане прывезлі не толькі ўражанні, але і новыя навыкі — навучыліся гатаваць на калодзе.

Сёння ў калектыве «Традыцыі» 19 чалавек. Паступова ў яго дзейнасць уключаюцца новыя культработнікі. Але пра тых, якія ўжо пайшлі на заслужаны адпачынак, не забываюць.

Запрасілі ветэранаў і на ўра­чыстасць, прымеркаваную да 20-годдзя клуба. Як шмат у іх сумесных успамінаў і тэм для шчырых, вясёлых размоў! Добра памятаюць, як пакаштаваць стравы «Традыцыі» на «Славянскім базары ў Віцебску» падышла легенда савецкай эстрады Людміла Зыкіна. Не прайшоў міма і гурт «Любэ». Пастаўскія прысмакі яны, дарэчы, ухвалілі.

Прыгатаваныя «Традыцыяй» стравы выклікаюць фурор на любым свяце. Парсючок з бульбы, пянькі з рэбраў з апенькамі, кошыкі з грыбамі, салодкія вясельныя бараны — асалода нават чытаць назвы! Дарэчы, клёцкі з «душамі», якія таксама часта гатуюць удзельніцы клуба, дзякуючы старанням Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра ўнесены ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Таксама як і абрадавая гульня «Яшчар».

Святочнае мерапрыемства падарыла прысутным шмат прыемных эмоцый. На ім былі ўручаны Падзякі ганаровым членам клуба. Іх атрымалі старэйшыя ўдзельніцы «Традыцыі» — Гераіма Танана, Ганна Балаш, Людміла Чатовіч. Памятнымі дыпломамі адзначаны Галіна Іваноўская, Тамара Маслоўская, Людміла Мелец, Марына Пусько, Марына Смулько і Алена Кашаева.

Са светлым сумам на свяце ўспаміналі ранейшую душу клуба — таленавітага акампаніятара Яраслава Зямчонка, які, на жаль, пайшоў з жыцця. Ён выдатна спяваў, іграў на баяне і гармоніку, у тым ліку і свае ўласныя творы. Бліскуча праявіў сябе і як акцёр у тэатралізаваных пастаноўках. Яго імя ў гісторыі клуба займае адно з цэнтральных месцаў.

Несумненна, што наперадзе ў творчага аб’яднання шмат мерапрыемстваў, праектаў — як у нашым раёне, так і за яго межамі. Сёлетні юбілей для калектыву ўсяго толькі нагода ненадоўга спыніцца, падвесці вынікі, абмеркаваць планы на будучыню. Іх шмат, а значыць — традыцыі жыць.

Тэкст і фота Іны Сняжковай, газета «Пастаўскі край»